8.12.2020 Літаратура, Падзея

“Невылечна хворы на смерць”: паэзія Кшыштафа Каміля Бачыньскага

у рамках цыкла анлайн-чытанняў польскай літаратуры па-беларуску “Санаторый пад клепсідрай”

“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі,
а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”

Кшыштаф Каміль Бачыньскі (1921-1944) – узорны творца “пакалення Калумбаў”  – пакалення польскіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся каля 1920 г. і чыё сталенне прыпала на гады Другой сусветнай вайны. Вайна ў значнай ступені сфармавала іх свядомасць і ідэнтычнасць. Многія з іх загінулі падчас нямецкай акупацыі Польшчы і Варшаўскага паўстання (1944).

У знак прызнання яго заслуг для польскага мастацтва, польскай незалежнасці і польскай культуры, у сотую гадавіну з дня нараджэння, Сейм Рэспублікі Польшча аб’явіў 2021 год годам Кшыштафа Каміля Бачыньскага.

Яго вершы, нягледзячы на моцную сувязь з ваенным часам, маюць універсальнае вымярэнне. Гэта адбываецца ў тым ліку таму, што ён пісаў пра сваю эпоху не наўпрост, а ў апакаліптычнай і анірычнай канцэпцыі, а таксама таму, што ён закранаў адвечныя праблемы, такія як фарміраванне душы і псіхікі чалавека, рэфлексія над маладосцю і сталеннем (у гэтым выпадку рэзка паскораным вайной), пошук каштоўнасцей, здольных стварыць падмурак для дарослага жыцця. Кшыштаф Бачынскі ў вершах часта ўжываў множны лік, выступаючы ад уласнага імя і ад імя свайго пакалення. Ён пісаў катастрафічныя вершы з самага сэрца “здзейсненага Апакаліпсісу”, імкнучыся супрацьстаяць сваёй эпосе і гістарычнаму часу. Ён адлюстроўваў вайну, поўную анірычных і сімвалічных вобразаў, разглядаючы яе як разбуральную сілу для існуючых сістэм каштоўнасцей і маральных нормаў, якая ўводзіць новыя, жорсткія законы. Творца з недаверам ставіўся да традыцыйнай паэтыкі –  лічыў, што яна непрыдатная перад абліччам разбурэнняў і пакут народа. Усведамляў сваю гібель і гібель свайго пакалення; але ў той жа час не драматызаваў гэты лёс. Паэт імкнуўся звесці да мінімуму раны вайны, яе ўплыў на ўласную псіхіку. Ён хацеў змыць гэтую стыгму, кантактуючы з міфічнай краінай вечнага шчасця як са светам чыстым, незаплямленым, пазбаўленым крыві, калецтваў і смерці. Тон яго паэзіі разнастайны: побач з вершамі пра акупацыйныя перажыванні ён пісаў і аддаленыя ад гэтых падзей творы, поўныя надзеі і прыгажосці.

Пра жыццё і творчасць выдатнага паэта мы распавядзем на чарговай сустрэчы з цыкла “Санаторый пад клепсідрай”.

Асноўныя тэмы сустрэчы:

  • Катастрафізм і Катастрофа: ад прадчування Апакаліпсісу да яго здзяйснення.
  • Рамантычныя настаўнікі Бачыньскага.
  • “Галавою на карабіне”: чатыры кнігі падпольнага “самвыдату”.
  • “Параза акупацыі” і Супраціў: ад “чыстай красы” да Варшаўскага паўстання.
  • “Сярод белага дня”: Віслава Шымборска пра паэта, якому “пашанцавала”.
  • Лірыка і проза Бачыньскага ў беларускіх перакладах.

У сустрэчы бяруць удзел беларускія перакладчыцы вершаў Бачыньскага Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута, мадэратар – Андрэй Хадановіч.


Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Scheduled Літаратура Падзея