30.12.2020 - 6.01.2021 Літаратура, Падзея

Каралева польскіх калядак

“Песьня пра Божае Нараджэньне” – гэта адна з самых вядомых і прыгожых польскіх калядак. А яшчэ гэта адна з нямногіх аўтарскіх калядак, то-бок таксама адна з наймаладзейшых. Твор Францішка Карпіньскага шырока вядомы як “Бог прыходзіць”, песню часам называюць каралевай польскіх калядак.

Тыдзень таму ў рамках цыкла літаратурных сустрэч Польскага Інстытута ў Мінску “Санаторый пад клепсідрай“ свой пераклад калядкі на беларускую мову прадставіў Андрэй Хадановіч. Прапануем з такой нагоды згадаць гісторыю гэтага твора.

Аўтар тэксту – Францішак Карпіньскі (1741–1825) – паэт эпохі Асветніцтва, найбольш вядомы дзякуючы ідыліі “Лаура і Філон” і “Ранішняй песні”. Францішак Карпіньскі доўгі час жыў на Пружаншчыне і Гродзеншчыне, сябраваў з мясцовымі літаратарамі, збіраў народныя вершы, казкі і песні (у тым ліку і беларускія). Карпіньскі быў зачараваны народнай культурай, часта працаваў у поле разам з простымі людзьмі, але завітваў таксама на каралеўскія чацвярговыя абеды.

 Пахаваны паэт у Лыскаве каля Пружан. Магіла Карпіньскага мае форму паменшанай вясковай хаты. Зверху змешчана таблічка з барэльефам і надпісам “Вось дом мой бедны”.

Помнік на магіле Францішка Карпіньскага ў Лыскаве,
здымак – Wikimedia Commons.

Тэкст калядкі быў напісаны ў Дубецку-над-Санам па замове мецэнаткі, княгіні Ізабелы з Чартарыйскіх Любамірскай. Калядка, разам з іншымі песнямі са зборніка “Набожныя песні”, упершыню прагучала ў 1792 годзе ў старым фарным касцёле ў Беластоку. У тым самым годзе “Набожныя песні” былі надрукаваныя накладам кляштара айцоў Базылянаў у Супраслі.

Францішак Карпінскі: Бог прыходзіць, 1792

Песня складаецца з пяці строф, кожная з якіх складаецца з васьмі васьміскладовых радкоў. Аксюмараны ў тэксце (напрыклад, “змрок гарыць”) падкрэсліваюць значэнне цуду Божага Нараджэння. Словы калядкі ўзмацняе парафразамі Евангелля ад Яна “Слова Целам стала, нарадзіўшыся між намі”. Пятае васьмірадкоўе пачынаецца словамі “Зьлітуйся, нябесны Сыне, з нашай бацькаўшчыны мілай!” і надае песні нацыянальны характар, гэтая страфа адсылае таксама да ўладанняў князёў Любамірскіх. Песня, такая сур’ёзная па змесце, моцна адрознівалася ад папулярных тады народных калядак. Аўтару ўдалося сумясціць узвышанае са штодзённым.

Тэкст Карпіньскага неўзабаве пасля публікацыі ўжо спявалі, але на розныя мелодыі. У наш час выкарыстоўваецца мелодыя, вытрыманая ў рытме паланэза. Мелодыя прыпісваецца Каралю Курпіньскаму, але яе народнае паходжанне не выключаецца. Паводле іншых крыніц, гэта каранацыйны паланэз польскіх каралёў яшчэ з часоў Стэфана Баторыя (XVI ст.). “Песьня пра Божае Нараджэньне” – не адзіная калядка, заснаваная на паланэзе. Мелодыя і памер гэтага старадаўняга танца гучаць у калядках “У яслях ляжыць” “Сёння ў Бэтлеем”.

У першай палове XIX стагоддзя калядка была шырока вядомая ва ўсёй Польшчы, хоць спявалі яе, у залежнасці ад рэгіёна, у розных меладычных варыянтах.

Мы вельмі спадзяемся, што неўзабаве калядку заспяваюць таксама па-беларуску.

Бог прыходзіць, моц трухлее,
Цар нябёс у чыстым зьзяньні!
Змрок гарыць, сьвятло цямнее
За мяжой абмежаваньня.
Быў сьмяротны, стаў трывала
Ў вечнасьці па-над вякамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі.

Не заві раскошу цудам,
Бог радзіўся не ў палацы,
Разьдзяліўшы з божым людам
Яго радасьці і працы.
Ён пакутаваў нямала,
Бо віной былі мы самі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі.

Пастухоў вядуць анёлы,
Каб упалі на калені
Там, дзе ў ясьлях між жывёлы
Божы Сын ляжыць на сене.
Шчасьце бедных напаткала,
Збаўца быў не з багачамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі.

Магі рушылі ў дарогу,
Бо вяла іх зорка шчыра,
Каб дарункі несьлі Богу,
Ладан, золата і міру.
Іх даніна побач зьзяла
З пастуховымі дарамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі.

Зьлітуйся, нябесны Сыне,
З нашай бацькаўшчыны мілай!
Хто жыве ў Тваёй краіне,
Ахіні сьвятлом і сілай.
Абмінае хай навала
Нашы вёскі з гарадамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі!

Пераклад Андрэя Хадановіча

Паслухаць:

„Pieśń o narodzeniu Pańskim” у выкананні хору Нацыянальнай філармоніі з удзелам публікі.

„Pieśń o narodzeniu Pańskim”  ў выкананні гурта „Golec uOrkiestra”

from to
Scheduled Літаратура Падзея

Студзеньскае паўстанне 🗓

22 студзеня мы адзначаем гадавіну пачатку студзеньскага паўстання, у сувязі з чым Бібліятэка анлайн прапануе звярнуцца да класікі польскай літаратуры.
20 01.2021 26 01.2021 Гісторыя, Літаратура, Падзея

Канцэрт “ЖОЎТЫЯ ЗОРКІ” з нагоды Міжнароднага Дня

24 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт "Жоўтыя зоркі" з нагоды Міжнароднага Дня Памяці Ахвяр Халакосту.
24 01.2021 Музыка, Падзея