Усенароднае паўстанне, апошні рамантычны ўздым, самае крывавае, самае адчайнае польскае паўстанне – так кажуць пра паўстанне 1863-64 гадоў, студзеньскае паўстанне. Яно ахапіла тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай: Польшчу, Беларусь, Літву і частку Украіны. 22 студзеня мы адзначаем гадавіну пачатку студзеньскага паўстання, у сувязі з чым Бібліятэка анлайн прапануе звярнуцца да класікі польскай літаратуры. Мы раім наш тэкст пра раман “Верная рака” Стэфана Жаромскага і запрашаем пазнаёміцца з зацемкай пра паўстанне ў біяграфіі Станіслава Вакульскага.
Станіслаў Вакульскі – адзін з самых вядомых польскіх літаратурных персанажаў. Галоўны герой рамана “Лялька” Баляслава Пруса, вобраз Вакульскага стаў у польскай масавай культуры сімвалам прадпрымальніцтва.
Па сюжэце рамана Вакульскі нарадзіўся, хутчэй за ўсё, у 1832 годзе, паходзіў са збяднелай шляхецкай сям’і. Яшчэ будучы маладым чалавекам, ён шмат працаваў, вымушаны ўласным бацькам. Вакульскі пачаў вучыцца на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце Галоўнай школы ў Варшаве. Захапіўшыся навукай і тэхнікай, ён таксама валодаў выдатнымі здольнасцямі вынаходніка: працаваў над мадэллю лятальнай машыны з абмежаванымі магчымасцямі кіравання і над машынай для адпампоўкі вады. Нягледзячы на гэта, адразу пасля пачатку студзеньскага паўстання Вакульскі кінуў вучобу і запісаўся ў паўстанцкі атрад, вынікам гэтага стала яго высылка ў Іркуцк. Ён вярнуўся адтуль толькі праз 7 гадоў.
Паўстанне стала пачаткам вялікай гісторыі Вакульскага. Ці быў у гэтага персанажа нейкі прататып? У артыкуле 1937 года з нагоды ўсталявання памятнай шыльды Вакульскага ў Варшаве паведамляецца, што прататыпы персанажаў “Лялькі” жылі ў Любліне. На думку гісторыка Збігнева Клейна, прататыпам фігуры Вакульскага быў Якуб Лянге, швейцарскі прадпрымальнік, які каля сярэдзіны XIX прыехаў у Варшаву. Цікавую тэорыю прыводзіць Ежы Каспшыцкі ў кнізе “Невядомая Варшава”, дзе ён паведамляе, што некаторыя рысы характару Станіслава Вакульскага пісьменнік запазычыў з біяграфіі варшаўскага прамыслоўца і вынаходніка Станіслава Струйвонса-сына ветэрана студзеньскага паўстання.
Чым было студзеньскае паўстанне для гэтага пакалення? Змагаючыся ў паўстанні, яны пацвярджалі сваю вартасць як палякі і людзі, вучыліся ўпартасці і надзеі. Варта звярнуць увагу на тое, што Баляслаў Прус у рамане часта выкарыстоўвае эзопаву мову, гэта значыць не кажа пра паўстанне наўпроста, а прапануе чытачу схаваны змест. Такім чынам ён пазбягаў умяшання ўсеагульнай тады цэнзуры. Аднак з нязначных згадак мы даведаемся аб эмоцыях людзей, якія рыхтуюцца да бою:
Здавалася мне, што ў Варшаве стала неяк цясней, што ўсе кругом здурнелі. З гадзіны на гадзіну чакаў я нечага неакрэсленага, неспадзяванага, але ва ўсіх нас быў выдатны настрой і ў галовах вірылася безліч планаў.
Беларускі пераклад М.Хаўстовіча, стыль-рэдактар Г.Жарко
Мы прапануем наступныя спасылкі:
Першае выданне “Лялькі” Баляслава Пруса
Беларускі пераклад М.Хаўстовіча, стыль-рэдактар Г.Жарко
Раман у форме аўдыдыёкнігі ТОМ І і ТОМ ІІ
Студзеньскае паўстанне ў літаратуры, спецыяльны нумар часопіса “Цеханоўскія літаратурныя сшыткі”