Тадэвуш Ружэвіч – выбітны польскі паэт, драматург, празаік і сцэнарыст, цесна звязаны з лёсам ваеннага пакалення, уважлівы назіральнік за паўсядзённым, сацыяльным і палітычным жыццём. Да 100-годдзя з дня нараджэння ён быў абраны Сеймам Рэспублікі Польшча адным з апекуноў 2021 года. «Філасофская і экзістэнцыйная глыбіня, якая прысутнічае ў творчасці Ружэвіча, носіць універсальны характар, дзякуючы чаму яна не толькі трапляе да аўдыторыі з усяго свету, але яшчэ доўга будзе аказваць уплыў на сучасную польскую літаратуру», – гаворыцца ў пастанове.
У рамках святкавання Года Тадэвуша Ружэвіча ў цыкле сустрэч “Санаторый пад клепсідрай” адбудзецца некалькі лекцый па творчасці Тадэвуша Ружэвіча. Першая з іх будзе прысвечана паэзіі Тадэвуша Ружэвіча:
- “Ацалелы”: Тадэвуш Ружэвіч – прадстаўнік пакалення Калумбаў, які выжыў.
- Падпольнае “Лясное рэха” і дэбютны “Неспакой”.
- Паэтычны старт вялікага аўтара.
- “Ты будзеш пісаць лепш за мяне…”: расстраляны брат як першы настаўнік паэзіі.
- Досвед Другой сусветнай і крызіс культуры ў рэцэпцыі Ружэвіча.
- Дэвальвацыя слова – і аскетычная, “голая” лірыка.
- Новая форма: вяртанне страчанага сэнсу ў паэзіі “пасля Асвенцыма”.
- “Жыццё без Бога (не)магчымае”: метафізічныя пошукі паэта.
- Ад традыцый кракаўскага авангарду да поп-артаўскага калажа.
- “Пустата шалее”: аўтар перад выклікамі канца ХХ – пачатку ХХІ ст.
- Тадэвуш Ружэвіч у беларускіх перакладах.
Мадэратар Андрэй Хадановіч. Спецыяльная госця – перакладчыца, літаратуразнаўца Марына Казлоўская.
Запрашаем на прамы эфір у аўторак 9 лютага а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку
Фота: archiwum Polska Press
“Санаторый пад клепсідрай”: анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску
“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”
Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.