Лекцыя з цыкла “Санаторый пад клепсідрай”
6 чэрвеня спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшкі (польск.: Eliza Orzeszkowa, 1841-1910) – найвыдатнейшай пісьменніцы ў гісторыі польскай прозы, жыццём і творчасцю шчыльна звязанай з Беларуссю.
8 чэрвеня ў межах цыклу сустрэч “Санаторый пад клепсідрай” мадэратар Андрэй Хадановіч пагаворыць пра знакамітую юбілярку з перакладчыцай яе творчасці, пісьменніцай Святланай Воцінавай.
Асноўныя аспекты размовы:
- Якія загадкі і да сённня хвалююць даследчыкаў жыцця і творчасці літаратаркі? Чаму, напрыклад, Ажэшка “памяняла” свой год нараджэння?
- Што ў біяграфіі пісьменніцы дагэтуль міфалагізуецца?
- Наколькі справядліва ацэненая яе творчасць?
- Як мянялася і мяняецца стаўленне да яе з часам?
- Ці справядліва лічыць аўтарку толькі пераймальніцай вялікіх заходнееўрапейскіх раманістаў?
- Як літаратарку намінавалі на Нобелеўскую прэмію?
- Як адлюстравалася паўстанне 1863 года ў прозе пісьменніцы – яго непасрэднай сведкі і ўдзельніцы?
- Культурны супраціў і яго розныя стратэгіі: эзопава мова, пісанне “ў стол”, публікацыя “прамым тэкстам”.
- Якой паўставала Эліза Ажэшка ў сваіх беларускіх перакладах (Вацлава Ластоўскага, Ядзвігі Бяганскай, Янкі Брыля, Галіны Тычкі, Анатоля Бутэвіча)? З якімі перакладчыцкімі праблемамі яны сутыкаліся і як іх вырашалі?
- Якія творы пісьменніцы дагэтуль чакаюць сваіх беларускіх перастваральнікаў?
Святлана Воцінава таксама прадставіць свой падрыхтаваны да друку пераклад рамана “Два полюсы”, які ў беларускай версіі з’явіцца пад назвай “Дзікунка”, і раскажа, што цікавага і нестандартнага чакае чытача ў гэтым выданні.
Сустрэча ў прамым эфіры адбудзецца 8 чэрвеня на 18-й гадзіне на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.
Фота: Эліза Ажэшка (1900) / Biblioteka Narodowa