Сёлета спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння Генрыка Сянкевіча – класіка польскай літаратуры, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Творчасць Генрыка Сянкевіча цяпер даступная ў электронных бібліятэках, яго раманы можна свабодна чытаць і слухаць, але як зарыентавацца ў такім вялікім аб’ёме інфармацыі і з чаго пачаць? Бібліятэка анлайн падрыхтавала кароткі гід па даробку Сянкевіча, каб кожны ахвочы змог падступіцца да яго з адпаведнага твора і тэмы.
Пачынаць знаёмства зручна з невялікіх навел. Кароткую прозу Сянкевіч пісаў усё жыццё, звяртаючыся да розных стылістычных плыняў і тэм, таму тут ёсць з чаго выбраць.
Адна з найбольш вядомых навел Генрыка Сянкевіча – “Янка Музыка” (Janko Muzykant). Гэта абавязковы пункт школьнай праграмы, невялікі па аб’ёме (10 старонак) і тэматычна да болю знаёмы беларускім чытачам, бо апісвае лёс вясковага хлопчыка-музыкі. Час дзеяння – ХІХ стагоддзе.
Навела “Наглядчык маяка” (Latarnik) лічыцца адной з узорных у польскай літаратуры. Гэта гісторыя польскага палітычнага эмігранта, які даглядае маяк на выспе непадалёк ад Панамы. Час дзеяння – 70-я гады ХІХ стагоддзя, галоўны герой пакінуў Радзіму пасля паўстання 1830-1831 гадоў. У цэнтры сюжэта яго тулянні і туга па родных мясцінах, а таксама трагічны выпадак, які з гэтага вынікае. Аб’ём – 20 старонак. Увага: апавяданне заснаванае на рэальным здарэнні.
“Наглядчыка маяка” Сянкевіч напісаў падчас свайго падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкі, у той самы час паўстала таксама навела “Сахем” (Sachem) – гісторыя апошняга з племені Чорных Змеяў, які пасля знішчэння роднай вёскі каланістамі вымушаны выступаць у цырку. Час дзеяння – ХІХ стагоддзе. Аб’ём – 14 старонак.
Навела “З дзённіка познаньскага настаўніка” (Z pamiętnika poznańskiego nauczyciela) расказвае пра навучанне польскіх дзяцей у прускіх школах. Час дзеяння – ХІХ стагоддзе, багатае на наступствы падзелаў Рэчы Паспалітай. Цікава, што ў першай рэдакцыі твор расказваў пра навучанне польскіх дзяцей у рускіх школах, але такога цэнзура дазволіць не магла. Аб’ём – 10 старонак.
Пра трылогію Генрыка Сянкевіча ведаюць усе, але ёсць у яго таксама “Малая трылогія” (гэту назву прыдумалі чытачы) – тры апавяданні (Stary sługa, Hania, Selim Mirza), злучаныя галоўнымі героямі. Час дзеяння – шасцідзясятыя і пачатак сямідзясятых гадоў ХІХ стагоддзя. Тэма – жыццё ў польскім маёнтку і партызанскія сутычкі на тылах Франка-прускай вайны. Сянкевіч хацеў апісаць паўстанне 1863-1864 гадоў, але з цэнзурных прычын перанёс дзеянне апошняй часткі ў Францыю. Галоўныя героі: ён – паніч Генрык – замкнуты ў сабе, клапатлівы сын заможнага землеўласніка. Яна – Ганна Сухадольска, маладзенькая ўнучка старога слугі ў шляхецкім маёнтку. А таксама Сялім Мірза-Давідовіч – дзікі гуляка, чарнавокі нашчадак высакароднай татарскай сям’і. Аб’ём трох апавяданняў – каля 300 старонак.
Вялікія раманы Генрыка Сянкевіча прысвечаныя розным гістарычным перыядам. Дзеянне “Quo vadis” адыбываецца ў Рыме ў апошнія гады кіравання Нерона (63-68 гг.). Галоўная сюжэтная лінія рамана – каханне паміж рымскім патрыцыем і хрысціянкай варварскага роду. Аўтарскі стыль лёгкі і плаўны, а неаматарам любоўных перыпетый цікава сачыць за лёсам абаяльнага арбітра элегантнасці Петронія. Аб’ём – 280 старонак.
Мы дабраліся да трылогіі! Трылогія Генрыка Сянкевіча – гэта цыкл гістарычных раманаў, якія публікаваліся ў 1884-1888 гадах. Дзеянне адбываецца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVII стагоддзя (1643-1673 гг.). Што дзеецца ў краіне? Паўстанне Багдана Хмяльніцкага, вайна са Швецыяй і пачатак вайны з Турцыяй – усё вірыць. І нягледзячы на тое, што кожны з раманаў абапіраецца на падобную схему (каханне з перашкодамі), каб атрымаць стопрацэнтнае задавальненне ад чытання, давядзецца палюбіць таксама жывапісныя батальныя сцэны, палітычныя інтрыгі і стылізаваную пад хронікі мову. Беручы пад увагу талент аўтара да сакавітых апісанняў і сюжэтных паваротаў, гэта будзе не так складана. Калі для вас на першым плане менавіта гісторыя, то праблем не будзе наогул, хутчэй бярыцеся за чытанне. У склад трылогіі ўваходзяць раманы:
“Агнём і мячом” (Ogniem I mieczem)
“Патоп” (Potop)
“Пан Валадыёўскі” (Pan Woodyjowski)
Генрык Сянкевіч пісаў сваю трылогію ў тыя часы, калі Польшчы не было на мапе свету. Таму галоўная ідэя раманаў – ва “ўмацаванні сэрцаў” суайчыннікаў, патрыятызм якіх здольны выратаваць aйчыну.
Аб’ём раманаў – каля 500, 700 і 280 адпаведна. Рыхтуйцеся да доўгай прыгоды!
Раман “Крыжакі” (Krzyżacy) быў напісаны як пратэст супраць германізацыі польскіх зямель, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай трапілі ў Прусію. Тут таксама ёсць меладраматычная лінія, але ёсць і магутнае апісанне Грунвальдскай бітвы. Сянкевіч старанна вывучаў хронікі і гістарычную базу, таму для аматараў суворай гістарычнай прозы гэта абавязковы пункт праграмы. Аб’ём – каля 450 старонак.
А калі не гісторыя? Ёсць у Генрыка Сянкевіча і некалькі псіхалагічна-побытавых раманаў, як напрыклад “Без дагмата” (Bez dogmatu) – паглыбленне ў свядомасць і свет чалавека канца ХІХ стагоддзя. Безумоўна, з перспектывы ХХІ стагоддзя, і гэта ўжо гісторыя, але механізмы псіхікі не старэюць. Для многіх сучаснікаў Сянкевіча “Без дагмата” стала дыягназам іх пакалення: малады, адукаваны і таленавіты чалавек ніяк не можа знайсці свайго месца ў жыцці, яму нудна настолькі, што застаецца толькі закахацца. Аб’ём – 200 старонак. Калі Сянкевіч без шаблі прыйдзецца вам даспадобы – раім таксама “Сям’ю Паланецкіх” (Rodzina Połanieckich).
Ёсць у Сянкевіча таксама хіт для моладзевай аўдыторыі – прыгодніцкі раман “У пустыні і пушчы” (W pustyni i puszczy) расказвае пра прыгоды падлеткаў у Афрыцы напрыканцы ХІХ стагоддзя. Твор стаў міжнародным бестселерам пасля выхаду ў свет і ў наш час рэгулярна становіцца прадметам гарачых педагагічных і культуралагічных абмеркаванняў. Аб’ём – 165 старонак.
Аматарам рэпартажнай літаратуры раім “Лісты з падарожжа ў Амерыку” (Listy z podróży do Ameryki) і “Лісты з Афрыкі” (Listy z Afryki). Выдатная магчымасць падарожнічаць з нобелеўскім лаўрэатам у прасторы і ў часе адначасова. Нагадваем таксама, што карэспандэнцыя Сянкевіча не так даўно з’явілася ў адкрытым доступе.
Мы не ставілі сабе мэты даць разгорнуты аналіз усёй творчасці Генрыка Сянкевіча, але хочам, каб кожны знайшоў у яго даробку штосьці для сябе. Святкуйма дзень нараджэння класіка з кніжкай у руцэ, на экране і ў навушніках.