17 студзеня 2019 года а 16-ай гадзіне ў Авальнай зале Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (Новы замак, вул. Замкавая, 20) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі”.
Выстаўка падрыхтавана Гістарычным музеем горада Кракава, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне і Польскім Інстытутам у Мінску.
Кракаўскія батлейкі (ад польскага – Betleem — назва г. Віфлеема) – гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці Кракава. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Гэта форма батлейкі сфармавалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца дагэтуль, з’яўляючыся правобразам сучасных батлеек.
Гістарычны музей Кракава з 1946 года ладзіць штогадовыя конкурсы і выставы батлеек, якія вылучаюцца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасцю. Рэгламент на роўных правах дапускае да ўдзелу ў конкурсе працы прафесіяналаў (архітэктараў, мастакоў) і мастакоў-аматараў. На дадзенай выставе прадстаўлены батлейкі з фондаў Гістарычнага музея горада Кракава, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. Адметнасцю кракаўскіх батлеек з’яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі і вялікімі палякамі) і легендарнымі (напр., Трубачом, панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя механізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэнні, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядкі.
На апошняй сесіі ЮНЕСКА (лістапад 2018 г.) Кракаўскія батлейкі былі ўнесены ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Выстава будзе працаваць да 17 лютага 2019 года.