27 лютага ў Белай гасцінай Палаца Румянцавых і Паскевічаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля адбудзецца канцэрт «ЖЫЦЦЁ Ў ПЕСНІ. Старонкі «Хатняга спеўніка» Станіслава Манюшкі», прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.
Найлепшыя песні са знакамітага цыкла кампазітара «Хатні спеўнік» прагучаць у выкананні выдатных салістаў Вялікага тэатра Беларусі – лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ірыны КУЧЫНСКАЙ (сапрана) і Іллі СІЛЬЧУКОВА (барытон), а таксама шматгадовага папулярызатара гістарычнай музыкі і архіўных знаходак – ансамбля салістаў «ВЫТОКІ» пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнародных конкурсаў, фагатыста і дырыжора Аляксея ФРАЛОВА.
Гэта ўнікальная праграма, якая ўсебакова ілюструе жыццё вялікага кампазітара-рамантыка прымеркавана да 200-гадовага юбілею геніяльнага Станіслава Манюшкі, які будзе адзначацца 5 мая 2019 года.
Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
ПРАГРАМА:
“Малітва “Intende Voce””
“Малітва”
“Матка”
“Усходняя песьня”
“Вандроўная птушка”
“Ці ведаеш край…”
“Ад’езд на вайну”
“Над Нідай”
“Зося”
“Гімн да Пана Езуса”
“Паніч і дзяўчына”
===
“Бярозка”
“Што там за кветка”
“Лірнік”
“Залатая рыбка”
“Зязюлька”
“Дуброва”
“Мядзьведзік”
“Сялянка”
“Прасьнічка”
“Кракавяк”
“Коцік”
“Кум і кума”
“Дзед і Баба”
***
Праграма заснавана на важнейшай і, мабыць, самай асабістай грані творчасці Манюшкі – зборніках песень, якія аб’яднаны аўтарам пад сімвалічнай назвай «Хатні спеўнік». З яго старонак можна пачуць і думкі самога класіка, і пабычыць кола яго сяброў, геаграфію вандраванняў, адчуць увесь спектр эмоцый кампазітара. Песні прызначаліся да хатняга ўжытку на розныя акалічнасці штодзённага жыцця чалавека. Іх галоўная мэта – адпавядаць розным настроям і патрэбам сэрца, менавіта таму здзіўляе вельмі багатая іх разнастайнасць. Манюшка з адданасцю пісаў прыгожыя, запамінальныя мелодыі на вершы выдатных паэтаў, сярод якіх Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Каханоўскі, Юзаф Крашэўскі і інш. З вялікага збору «Хатняга спеўніка» (некалькі сотняў песень) – у праграме канцэрта прагучаць самыя характэрныя для творчасці аўтара.
Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх.
С. Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэтральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам. Пазней Манюшка працаваў у Вільні як арганіст касцёла св. Яна. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў таксама класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.