18.03.2018 Музыка, Падзея

“Музычнае падарожжа праз стагоддзе”

Канцэрт да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы

18 сакавіка 2018 года на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца cвяточны канцэрт МУЗЫЧНАЕ ПАДАРОЖЖА ПРАЗ СТАГОДДЗЕ”прысвечаны сотай гадавіне аднаўлення незалежнасці Польшчы. 

Ансамбль салістаў “КЛАСІК-АВАНГАРД” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава прадставіць з гэтай нагоды цікавую праграму, якая будзе складацца з выдатных прыкладаў польскай музыкі апошняга стагоддзя, а таксама твораў сучасных беларускіх кампазітараў.

У 2018 годзе Польшча адзначае 100-годдзе аднаўлення Незалежнасці. У гонар гэтай падзеі ўрад Рэспублікі Польшча зацьвердзіў шматгадовую дзяржаўную праграму “Незалежная” (Niepodległa) на 2017-2021 гг., мэта якой аб’ядноўваць і падтрымліваць шматлікія культурныя ініцыятывы, у тым ліку і міжнародныя, прысвечаныя святкаванню 100-гадовага юбілею аднаўлення незалежнасці Польшчы.

За незалежнасць змагаліся цэлыя пакаленні палякаў, пра яе марылі паэты і мастакі, пра яе думалі таксама кампазітары і музыканты. У праграме канцэрта “Музычнае падарожжа праз стагоддзе” прагучыць музыка кампазітараў, творчы шлях якіх быў непасрэдна звязаны з перыядам аднаўлення незалежнасці. Гэта будуць творы Ігнацыя Яна Падэрэўскага – вялікага піяніста і першага прэм’ер-міністра незалежнай польскай дзяржавы; Караля Шыманоўскага – выдатнага кампазітара адроджанай у 1918 годзе Польшчы, “бацькі” авангарда ў галіне музыкі; Зыгмунта Краўзэ – прыхільніка «ўнізму» ў музыцы – напрамку, які стварыў пасля аднаўлення незалежнасці мастак Уладзіслаў Страмінскі, ураджэнец Мінска і адзін з найважнейшых тэарэтыкаў новага польскага авангарда; Кшыштафа Пэндэрэцкага – аднаго з самых паважаных польскіх кампазітараў сучаснасці і іншых. Прагучыць таксама музыка сучасных беларускіх кампазітараў, прысвечаная альбо натхнёная Польшчай. Спецыяльны госць канцэрта – Старшыня Саюза польскіх кампазітараў, музыказнаўца і публіцыст Мечыслаў Камінэк.

Праект атрымаў падтрымку:
– Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспубліка Польшча ў рамках шматгадовай праграмы “Незалежная” на 2017-2021 гг. www.mkidn.gov.pl
– Інстытута Адама Міцкевіча ў рамках праграмы „Культурныя масты” www.culture.pl.

Арганізатары канцэрта:

Беларуская дзяржаўная філармонія www.philharmonic.by

Саюз польскіх кампазітараў www.zkp.pl

Польскі цэнтр музычнай інфармацыі www.polmic.pl

Польскі Інстытут у Мінску www.instpol.by

У ПРАГРАМЕ

Scheduled Музыка Падзея