Напрыканцы мінулага стагоддзя камуністычныя або савецкія рэпрэсіі 1930-1950-х гадоў знаходзіліся ў эпіцэнтры ўвагі гісторыкаў, але паступова ў выніку перамен у гістарычнай палітыцы многіх краін постсавецкага рэгіёну яны апынуліся на перыферыі гістарыяграфіі. Між тым многія пытанні яшчэ чакаюць адказаў з боку даследчыкаў. У прыватнасці, гэта пытанні пра вытокі рэпрэсій і іх маштаб, пра стан тагачаснага грамадства, падзеленага на карнікаў і ахвяраў, пра сацыяльныя і палітычныя наступствы згаданага падзелу і самых рэпрэсій. Асобнай увагі заслугоўваюць пытанні, звязаныя з феноменам памяці/забыцця гэтай трагедыі і яе адлюстраваннем у калектыўнай памяці (Maurice Halbwachs).
Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні патрабуюць аналізу ўсяго комплексу гістарычных крыніц. Але адразу паўстаюць пэўныя праблемы. У прыватнасці, для гісторыкаў Беларусі і Расіі — гэта праблема недаступнасці матэрыялаў архіваў НКУС/МДБ, а для іншых — праблема пэўнай аднатыпнасці крыніц, што захаваліся ў афіцыйных архівах. Даследчыкам часам варта выходзіць па-за сцены архіваў і звяртацца да вусных успамінаў сведкаў гісторыі.