29 чэрвеня ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт “Польшча-Беларусь: 25 год добрасуседства” з нагоды 25-годдзя падпісання Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве.
У канцэрце прымаюць удзел легенда сусветнага джаза польскі пiяніст Лешак МОЖДЖЭР, лаўрэат мiжнародных конкурсаў беларускi пiяніст-вiртуоз Кiрыл КЕДУК і Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік – Яўген Бушкоў). Дырыжор канцэрта – Юрый Караваеў.
Арганізатары канцэрта: Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь,Польскі Інстытут у Мінску, Музычны Дом «Класiка», Беларуская дзяржаўная філармонія і Дзяржаўны Камерны аркестр Рэспублікі Беларусь. Партнёр канцэрта — кампанія “AMICA” (Польшча).
Салiсты з Польшчы і Беларусі разам з аркестрам прадставяць яскравую праграму, у якую ўвайшлі творы беларускiх i польскiх кампазiтараў. У канцэрце прагучыць шэдэўр класічнай музыкі — “Канцэрт для фартэпiяна з аркестрам №1 (ор.11)” Ф. Шапэна, выдатны прыклад беларускай сучаснай музыкі — “Consort Lessons” А. Лiтвiноўскага, джазавыя iмправiзацыi сола i з аркестрам Л. Можджэра, а таксама знакаміты твор на два фартэпіяны “Варыяцыi на тэму Паганiнi” В. Лютаслаўскага.
Лешак МОЖДЖЭР
Музыказнаўца Д. Пёнткоўскі пісаў пра джазмэна: “Лешак Можджэр ажыццявіў у польскім джазе ментальную і стылістычную рэвалюцыю… Непаўторныя джазавыя фразы і складаныя імправізацыі, мелодыку стандартаў і вытанчанасць кампазіцыі джазмэн апрануў у строй спецыфічнага джаза, які стаў пульсуючым экспрэсіяй “Джазам Лешака Можджэра””.
Лешак МОЖДЖЭР — адна з самых яркіх з’яваў польскай джазавай музыкі апошніх дзесяцігоддзяў. Сусветнай славы піяніст, адважны эксперыментатар і арыгінальны творца, якога адрознівае ўласная музычная мова.
Багатая дыскаграфія Л. Можджэра налічвае больш за сто альбомаў з запісамі як сваіх ўласных праектаў, так і рэалізаваных сумесна з выдатнымі музыкамі. Піяніст супрацоўнічае з сусветнымі знакамітасцямі — Дэвідам Гілмарам, Нанай Васконселос, Маркусам Мілерам, Джонам Скофілдам, Джо Лаванам,Танам Дунам, Пэтам Мэціні, Адамам Маковічам (Makowicz vs Możdżer: At The Carnegie Hall 2004). Альбом “Impressions On Chopin” (1999 г.) стаў канонам сярод запісаў, натхнёных творчасцю геніяльнага польскага кампазітара. З вядомым польскім кампазітарам Янам Качмарэкам Лешэк Можджэр рэалізаваў запіс узнагароджанага Оскарам саўндтрэка да фільму “Finding Neverland” (“Чароўная краіна”, 2004 г.), а таксама сумесны альбом “Kaczmarek by Możdżer”.
Найбольш поўна піяніст раскрыўся ў сольных праектах “Piano” (2004), “Komeda” (2011) і ў аўтарскім трыа з Ларсам Дэніэльсанам i Зохарам Фрэска. Альбом “Time” запісаны ў 2005 годзе атрымаў статус алмазнага дыска, а чарговыя альбомы трыа — “Between Us And The Light” (2006), “Live” (2007), “Polska” (2013) дасягнулі статуса падвойнага плацінавага дыска.
Лешак Можджэр з’яўляецца арганізатарам буйных джазавых фестываляў у Польшчы — “ENTER MUSIC FESTIVAL” і “ДЖАЗ НА ОДЭРЫ”.
У 2012 годзе ён першы з палякаў стаў старшынёй журы аднаго з найбольш прэстыжных джазавых форумаў у свеце — Міжнароднага конкурсу джазавых піяністаў “Montreux Jazz Piano Competition” у Швейцарыі, арганізаванага пад патранажам Куінсі Джонса (Quincy Jonesa).
Кiрыл КЕДУК
Піяніст Джон О’Конор кажа пра яго, як пра аднаго з самых цiкавых маладых пiяністаў сучаснасцi, а дырыжор Томас Зандерлінг лiчыць яго выбiтным выканаўцам з велiчэзным патэнцыялам для грандыёзнай мiжнароднай кар’еры.
Кiрыл КЕДУК родам з Гродна, пачаў займацца музыкай у 6 год, а ў 10 ужо ўпершыню выступiў з Сiмафанiчным аркестрам. Вучыўся ў Пётра Палечнага ў Музычным Унiверсiтэце ў Варшаве, у Барыса Петрушанскага ў Мiжнароднай Фартэпiяннай Акадэмii Incontri col Maestro (г. Iмала, Iталiя), а таксама скончыў аспiрантуру ў класе Грэма Скотта ў Каралеўскiм Паўночным каледжы музыкi ў Манчэсцеры. Кiрыл з’яўляецца лаўрэатам шматлiкiх фартэпіянных мiжнародныx конкурсаў, у тым лiку конкурса iмя Уладзiмiра Горавiца у Кiеве, конкурса iмя Артура Рубінштэйна ў Польшчы i конкурса iмя Джэймса Моттрама ў Манчэсцеры. У 2009 годзе пiянiст атрымаў I прэмiю, а таксама прыз сiмпатый гледачоў намiжнародным конкурсе Klavier Olymp у Бад-Кiсiнгене (Германiя), стаўшы адзiным удзельнiкам у гiсторыi конкурсу з дзвюма прызамi адначасова. У красавiку 2013 года пiянiст запiсаў свой дэбютны альбом пад назвай “My Polish Diary” з сусвестна вядомым лэйблам Delos, якi ў сваю чаргу атрымаў высокую адзнаку сярод крытыкаў па ўсiм свеце.
Кiрыл Кедук рэгулярна выступае на самых знакамiтых канцэртных пляцоўках свету, сярод якix — Steinway Hall у Нью-Ёрку, Зальцбургскi Моцартэум, Вялiкая зала Маскоўскай кансерваторыi, Зала Каралевы Елiзаветы ў Антвэрпэне, Канцэртная зала Марыiнскага тэатра ў Пецярбургу, Зала Вэрдзi ў Мiлане, Bridgewater Hall у Манчэсцеры, Тэатр Гарыбальдзi ў Палерма, Маскоўскi мiжнародны Дом музыкi i Hamarikyu Asahi Hall у Токiа.
Кiрыл Кедук — заснавальнiк i мастацкi кiраўнiк мiжнароднага музычнага фестывалю “Tyzen House” у сваiм родным Гродне, дзе выступаюць сусветныя зоркi класiчнай музыкi.
Заказ квiткоў: 284-44-33 або на сайце http://philharmonic.by/