5.05.2020 - 11.05.2020 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн. 04

Чарговы выпуск Бібліятэкі анлайн мы прысвячаем Дню Канстытуцыі. Адмыслова да гэтага свята мы падрыхтавалі

“Канцэрт канцэртаў” Адама Міцкевіча

У XIІ кнізе культавай паэмы “Пан Тадэвуш” ёсць фрагмент, які даўно ўжо жыве сваім жыццём і сам стаў міфам. Гэта “Канцэрт Янкеля”, называны таксама “Канцэртам канцэртаў”, у якім Адам Міцкевіч згадвае гістарычныя падзеі, што папярэднічалі падзелам Рэчы Паспалітай, і заклікае людзей да жыцця ў згодзе. Гэты заклік увасабляецца ў канцэрце, які на цымбалах выконвае з нагоды заручын Зосі і Тадэвуша польскі патрыёт, габрэй Янкель. Апісанне паслужыла натхненнем для многіх мастацкіх твораў, у тым ліку для сапраўдных канцэртаў і карцін.

Здумеліся усе…

 Увесь струн набор вялікі

Так грымнуў, быццам янычарскія музыкі

Ударылі ў званкі, ў талеркі, ў бубны, ў трубы.

Гудзе “Маёвы паланез”. Напеў той любы

Прыносіць радасць, радасцю слых поіць –

Гуляць дзяўчаты хочуць, хлопцы аж не ўстояць.

Але старых панеслі ў прошлае ўспаміны,

У час такі шчаслівы для ўсяе краіны,

Калі паслы з сенатам у агульнай залі

З народам зміранага караля віталі,

У танцах пяючы: “Віват кароль жаданы!

Віват саслоўі ўсе! Віват дэлегаваным!

Пераклад Пятра Бітэля

 

Канцэрт Янкеля тэматычна дзеліцца на пяць частак, кожная з якіх апісвае асобную гістарычную падзею ў гісторыі Польшчы:

  • Канстытуцыя 3 мая 1791 года, якая здзейсніла рэформу ладу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў;
  • Таргавіцкая Канфедэрацыя – канфедэрацыя магнацкага лагера рэспубліканцаў супраць рэформаў Канстытуцыі;
  • Пражская разня 1794 года, якую падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі здзейсніла царскае войска, забіўшы значную колькасць жыхароў варшаўскага раёна Прага;
  • тулянні польскіх жаўнераў пасля першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай і паразы паўстання Касцюшкі да моманту стварэння польскіх легіёнаў у Італіі,
  • стварэнне польскіх легіёнаў у Італіі (музычна праілюстравана мазуркай Дамброўскага), якія разам з Напалеонам павінны былі вызваліць Рэч Паспалітую ад прыгнёту трох захопнікаў.
Чэслаў Манюшка “Канцэрт Янкеля”

Свой канцэрт Янкель выконваў на народным інструменце, такім папулярным у колішняй і ў цяперашняй Беларусі – на цымбалах. Янкель быў сапраўдным майстрам, якіх і на той момант было мала. У яго творы знайшлі свой водгук: “Паланез Трэцяга траўня” (ананімны твор у гонар ухвалення Канстытуцыі), песня пра жаўнера-вандроўніка (жаўнерская песня XVI стагоддзя, падобная да старапольскіх жаўнерскіх лямантаў) і, вядома, мазурка Дамброўскага (цяперашні дзяржаўны гімн Польшчы, а тады – “Песня Польскіх легіёнаў у Італіі”, напісаная Юзафам Выбіцкім). І натуральна, канцэрт Янкеля мае ў сабе ўсе рысы свабодалюбнай народнай імправізацыі.

Канцэрт Янкеля натхніў многіх кампазітараў, мастакоў і іншых творцаў з самых розных сфер. Цікава, што ў славутым фільме Анджэя Вайды гэты момант прапушчаны, паколькі, паводле прызнання рэжысёра: “ён сам варты асобнага фільма”.

Маштабную і поўнафарматную музычную версію “Канцэрта Янкеля” для цымбалаў і аркестра стварыў кампазітар, лаўрэат прэміі “Оскар” Ян Качмарэк. На перадпрэм’ерным выкананні твора выступіў аркестр “Sinfonia Varsovia” з удзелам цымбалістаў беларускага ансамбля “Васілінкі” Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Твор быў выкананы з нагоды інаўгурацыі польскага прэзідэнцтва ў Радзе Еўрапейскага Саюза, а таксама з нагоды двухсотгоддзя пачатку дзеяння “Пана Тадэвуша” – лічыцца, што 3 ліпеня Тадэвуш вярнуўся ў Сапліцова і такім чынам пачалося дзеянне польскага нацыянальнага эпасу.

Парыжскае выданне паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, 1834

Вашай увазе мы прапануем наступныя спасылкі:

Польскі тэкст паэмы “Пан Тадэвуш”

Беларускі пераклад паэмы Пятра Бітэля

Адукацыйная анлайн-праграма для школьнікаў ад вроцлаўскага Музея Пана Тадэвуша (так, гэта музей адной паэмы). У цікавай і сціслай форме разглядаецца гісторыя стварэння “Пана Тадэвуша” і такія культавыя матывы як “табакерка” і “збіранне грыбоў”.

Цудоўная магчымасць пагартаць першае выданне “Пана Тадэвуша” (Парыж, 1834).

Сцэна канцэрта Янкеля з фільма „Пан Тадэвуш” (1928), рэж. Рышард Ардыньскі

from to
Scheduled Літаратура Падзея