Жаромскі вызначыў “Верную раку” як “сямейную легенду”, пісьменнік падкрэсліваў асабісты і інтымны радавод аповесці, яе блізкую сувязь з яго ўласнымі “сямейнымі” паданнямі і традыцыямі.
Твор расказвае гісторыю кахання князя і простай дзяўчыны ў часы паўстання 1863-1864 гадоў, калі Польшчы не было на мапе свету. Дзеянне адбываецца ў апусцелым і зруйнаваным шляхецкім маёнтку Няздолы, дзе нават з’яўляецца дух даўно спачылага ўласніка.
Каля 1910 года Жаромскі вырашыў напісаць цыкл гістарычных раманаў, якія б прадставілі лёсы польскага народа ў ХІХ стагоддзі. “Верная рака” павінна была стаць адной з частак гэтага цыклу і менавіта яе ён напісаў першай, у 1911 годзе. Потым Жаромскі працаваў над раманам пра 1831 год пад назвай “Усё і нічога”.
“Верная рака” павінна была стаць апошнім звяном і акцэнтам у вялікім летапісе, у якім – праз лёсы трох пакаленняў сям’і Альбромскіх – Жаромскі збіраўся выявіць вобраз духоўнага жыцця Польшчы ў ХІХ стагоддзі, гісторыю змагання і перамен, якія адбываліся цягам гэтага часу ў польскім грамадстве, і асабліва – сярод польскай шляхты.
Сямейная і мясцовая легенда не былі галоўным вытокам ведаў Жаромскага пра паўстанне 1863-1864 гадоў. Аднак гістарычныя рэаліі ў тэксце абмяжоўваюцца амаль выключна бітвай пад Малагошчаю (24.02.1863).
Аўтэнтычных падзей і герояў у аповесці няшмат. Амаль усе яны згадваюцца ў першым раздзеле, які з’яўляецца своеасаблівым уступам.
Маёнтак у Няздолах аддзелены ад вёскі і горада, толькі зрэдчас далятае сюды водгулле важных падзей. Гэта тыповы польскі шляхецкі маёнтак. Ён спазнаў усе важныя праблемы і канфлікты польскага жыцця другой паловы ХІХ стагоддзя: сацыяльныя адносіны, памкненні і палітычныя плыні, змаганне за свабоду, веліч і мізэрнасць, надзвычайную самаахвярнасць і звычайную хцівасць. Няздолы і жыхары маёнтка прадстаўляюць у драматычнай канцэнтрацыі вобразаў гісторыю народа, пазбаўленага свабоды, гісторыю жывую і блізкую, бо пісаную для пакаленняў, якія жылі пад уладай захопнікаў.
Вялікія тэмы “Вернай ракі” падаюцца праз гісторыю кахання параненага паўстанца Юзафа Адрованжа, які хаваецца і загойвае раны пад апекай маладой шляхцянкі Саламеі Брыніцкай.
У Нацыянальнае свята незалежнасці аповесць нагадвае, якую цану заплацілі палякі за незалежнасць.
Прапануем вашай увазе наступныя спасылкі:
“Верная рака” на мове арыгіналу на старонцы сервісу “Wolne lektury” (даступныя фарматы: PDF, EPUB, MOBI, MP3, FB2, TXT, Ogg Vorbis, DAISY);
Аўдыёкніга “Верная рака” – бясплатна, вытворчасць сервісу “Wolne lektury”, чытае Яцак Розэнэк.
Беларускі пераклад Міхала Дубянецкага на старонцы часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет”, поўны тэкст даступны для скачвання.
Фільм “Верная рака”, 1936 год, рэжысёр – Леанард Бучкоўскі.