Ужо можам раскрыць таямніцу – праз тыдзень у рамках цыкла сустрэч “Санаторый пад клепсідрай” Андрэй Хадановіч у таварыстве трох беларускіх перакладчыц раскажа пра Каляды ў польскай паэзіі. А тым часам Бібліятэка анлайн запрашае на кароткі агляд польскай cвяточнай прозы.
Божае Нараджэнне ў хрысціянскай традыцыі ўвекавечвае нараджэнне Ісуса Хрыста. Гэта найважнейшае пасля Вялікадня свята года, якому папярэднічае перыяд трохтыднёвага чакання, называны Адвэнтам. Гэты святочны перыяд багаты таксама на народныя традыцыі. Абрадавасць Божага Нараджэння складвалася паступова, цягам стагоддзяў, пераплятаючы ў сабе старадаўнія (з паганскіх часоў) звычаі і вераванні са звычаямі новымі, прынесенымі Касцёлам пасля хрысціянізацыі, а таксама з тымі традыцыямі, якія з’явіліся цягам наступных стагоддзяў у выніку ўзаемнага пранікнення касцёльнага абраду і дахрысціянскіх элементаў народнай сялянскай традыцыі. Большасць народных звычаяў звязана з апошнім днём Адвэнту напярэдадні Божага Нараджэння, які па-польску называецца “Wigiliа” (Вігілія, па-беларуску можна таксама сказаць Куцця). Слова “wigiliа” паходзіць з лацінскай мовы і азначае “чуванне”.
Адно з самых прыгожых апісанняў Вігіліі ў польскай класічнай літаратуры належыць Уладзіславу Рэйманту. За раман “Мужыкі” у 1924 годзе пісьменнік атрымаў Нобелеўскую прэмію. Раман раскрывае жыццё сялян на пачатку ХХ стагоддзя і ахоплівае чатыры паравіны года. Апісанне Вігіліі, натуральна, трэба шукаць у томе “Зіма” (раздзел IV).
На Куццю перад шанавітымі святамі ўжо з самага золку вірыў паскораны, ліхаманкавы рух ва ўсіх Ліпцах. […] Густа было ад людзей і шумна; радасны святочны настрой дрыжэў у паветры, убіраўся ў людзей, адгукаўся нават у жывёлах; крыкі звінелі ў чуйным марозным паветры, нібы музыка, гулкі, вясёлы смех пералятаў з канца ў канец вёскі, радасць шугала з сэрцаў; сабакі, што звар’яцелыя, качаліся ў снезе, брахалі ад радасці і ганяліся за варонамі, якія таўкліся ля хат, па стайнях іржалі коні, з хлеўчукоў раздавалася працяглае і тужлівае мыканне, і нават гэты снег быццам бы весялей рыпеў пад нагамі…
Тут будуць святочная ўборка, першая зорка, дзяленне аплаткам, сена пад абрусам, усе традыцыйныя стравы на вігілійным стале (актуальныя да сёння!) і калядаванне.
Навэла Баляслава Пруса “Вігілія” выразна перагукаецца з класічным “Калядным харалам” Чарлза Дыкенса (ён таксама даступны для свабоднага чытання ў Інтэрнэце: па-польску і па-беларуску). Твор польскага аўтара ўпершыню быў апублікаваны ў “Варшаўскім кур’еры” ў сямідзесятых гадах XIX стагоддзя. Сюжэт такі: у аднаго чалавека, рэдактара, ёсць перспектыва правесці Вігілію ў адзіноце. Перспектыва гэтая вельмі яго злуе, але ў нейкі момант ён бачыць таямнічую здань. Здань прадстаўляецца яму Вігіліяй. Разам з Вігіліяй галоўны герой наведае мноства дамоў, дзе людзі акурат сядаюць за святочны стол. Гэта выдатная аснова для вывучэння святочных звычаяў сярод розных слаёў польскага грамадства.
Чулае апісанне польскай Вігіліі ў выгнанні дае Юзаф Ігнацы Крашэўскі ў гістарычным рамане пад назвай “Тулягі”. Аўтар расказвае пра ўрачыстую вячэру ў Амерыцы, якую правялі разам вялікія палякі. Падрыхтоўка ішла вельмі доўга, і нечакана ў госці завітаў сам Тадэвуш Касцюшка.
Навэла “Божае нараджэнне” Марыі Дамброўскай – гэта цёплы кароткі аповед пра традыцыйную падрыхтоўку да Каляд, убачаную вачыма дзяцей XX стагоддзя. Аўтарка апісвае перадсвяточную ўборку, пакупкі, сумесны выраб ёлачных упрыгожанняў і іншыя радасці, якія выдатна перадаюць чароўную атмасферу чакання свята. Чытанне навелы Дамброўскай – цудоўная магчымасць успомніць традыцыйную карціну падрыхтоўкі да святаў.
Калі вам падабаюцца гістарычныя выданні, рэкамендуем звярнуць увагу на святочны нумар салдацкай газеты „Polska walcząca. Żołnierz polski na Obczyźnie” (22 снежня 1945 года): ваенная батлейка, аповеды пра Куццю ў турме Павяк і ў Асвенціме аўтарства Зоф’і Косак, лагерная калядка. Словы гэтай газеты падбадзёрвалі чытачоў у цяжкія часы, гэта сапраўдны дакумент эпохі.
Нагадваем таксама, што сусветныя калядныя хіты “Дзяўчынка з запалкамі” Г.Х. Андэрсена і “Шчаўкунок” Э.Т.А. Гофмана (вельмі любімыя ў Польшчы) даступныя на старонцы wolnelektury.pl у якасці тэкстаў і аўдыёкніг.
Кожны год вялікія і малыя выдавецтвы рыхтуюць пад ялінку калядныя навінкі, гэта могуць быць:
- гучныя прэм’еры (сёлета многія чытачы чакаюць кнігу “Чулы апавядальнік” Вольгі Такарчук)
- прыгожыя кулінарныя кнігі (тут можна знайсці некалькі бясплатных выданняў)
- новыя дэтэктыўныя гісторыі з Калядамі на другім плане (“Каляды Эркюля Пуаро” Агаты Крысці – гэта, напэўна, эталон жанру, але рэкамендуем таксама звярнуць увагу на „Не зусім белыя Каляды” Магдалены Кнэдлер – разгубленыя следчыя, арыгінальная загадкі і бязладная мітусня падазраваных, даступная таксама ў электроннай версіі)
- рамантычныя калядныя раманы (некалькі гадоў таму сэрцы чытачоў заваявала Магдалена Кордэль і яе “Сезон цудаў”)
- багата ілюстраваныя выданні для дзяцей (у электроннай версіі можна набыць “Басю і Каляды” Зоф’і Станэцкай)
- выбраныя апавяданні вядомых пісьменнікаў
Дык няхай кожны знойдзе пад ялінкай тое, што хоча.
Бонусы:
Самыя вядомыя польскія калядкі – тэксты і ноты.
Пра тое, як адзначаліся святы ў дамах самых вядомых польскіх пісьменнікаў: Адама Міцкевіча, Юльюша Славацкага, Чэслава Мілаша і многіх іншых.