У марозную калядную ноч 1798 года на свет з’явіўся славуты паэт Адам Міцкевіч. Гэта значыць, што для Адама Міцкевіча Каляды былі патройным святам: 24 снежня ён адзначаў таксама народзіны і імяніны.
Старэйшая дачка паэта, Марыя (дома яе называлі Марыняй, а па мужы яна насіла прозвішча Гарэцка) так згадвала Каляды ў парыжскім доме Міцкевічаў: „звычай Вігіліі [Пярэдадня Калядаў] […] у нас захоўваўся рупліва, Вігіліі асаблівай, на якую прыпадалі таксама бацькавы імяніны. Гэты дзень, самы ўрачысты ў годзе, прыводзіў мяне ў такое хваляванне, што ўсю ноч я праводзіла ледзь не ў ліхаманцы. Раніцай мы ішлі віншаваць бацьку, выказвалі яму пажаданні і прыносілі падарункі; потым пачыналася доўгая працэсія сяброў і знаёмых, якая ўвесь дзень цягнулася безупынку. Увечары, над сталом, засланым сенам, з’яўляліся вігілія, на спушчанай са столі нітцы вісела зорачка з аплатка і калыска, іх бацька рыхтаваў сам, сервіраваліся – часта з вялікімі цяжкасцямі прыгатаваныя пад матчыным наглядам – традыцыйныя стравы”. І яшчэ: “Кожную Вігілію, і ўвечары таксама, з-за дзвярэй магла раптоўна грымнуць калядка “W żłobie leży, któż pobieży”, якую бацька з бачнай чуласцю слухаў (…). Гэта былі сябры і знаёмыя, якія заўжды маглі завітаць з мілай неспадзяванкай. Вечар часта заканчваўся (…) танцамі і паланэзам, у якім бацька заўжды прымаў удзел, паўтараючы, што гэта адзіны танец гожы, сур’ёзны, кожнаму адпаведны…” Для паэта ў выгнанні (як і для многіх пакаленняў палякаў) Каляды захоўвалі памяць пра страчаную Радзіму.
Апошнія Каляды з маці і братамі ў родным Навагрудку Міцкевіч правёў у 1815 годзе, а апошнюю віленскую Вігілію (гэта былі таксама апошнія Каляды ў Літве) – 24 снежня 1824 года – паэт правёў у зняволенні, у Базылянскім кляштары, куды ён трапіў разам з іншымі ўдзельнікамі Таварыства філаматаў ( “за ўдзел у таемных моладзевых арганізацыях”). Падзеі знакамітай вігілійнай ночы (апісаныя пазней у “Дзядах”) так згадвае Ігнат Дамейка: “У базылянаў поўнач была для нас узыходам сонца, мы збіраліся ў Адамавай келлі і да золку бавілі ноч у ціхай, але не сумнай размове. Фрэенд запарваў гарбату і забаўляў нас. (…) з ютрані, у Калядную ноч, далятала да нас у тураванні далёкага аргана прыглушаная песня “Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем”, і гэтая песня пераносіла нас дамоў, дзе па нас плакалі маці і сёстры”.
Натуральна, філаматы таксама адзначалі імяніны Міцкевіча. У базылянаў 24 снежня 1824 года Тамаш Зан з суседняй келлі перадаў сябру верш:
Allegro. Śpiew na Adamowe
Są pirożki, są essyki,
Francuzy i biszkopciki,
Czworogranne, ząbkowane,
Konfiturą natykane.
Słowem na łyk i na ham,
Będzie miał dosyć Adam.
Fi, fi! Na sucho nie do rzeczy
I zwyczaj dziwnie przeczy,
Iźle przyjmać przyjaciela,
Gdy winko, gdy winko z butli nie strzela.
У 1831 годзе ўжо як даўно аселы па-за межамі радзімы эмігрант Міцкевіч прыбыў у Велькапольску з намерам перабрацца праз мяжу і трапіць ў ахопленае лістападаўскім паўстаннем Царства Польскае (ён ехаў амаль таемна, як вандроўны настаўнік пад імем Адам Мюль). Гэты намер не ўдалося ажыццявіць, а Вігілію і Каляды паэт правёў у Лукаве, гасцюючы ў маёнтку былога напалеонаўца Юзафа Грабоўскага, згаданага пазней у “Пане Тадэвушы”. Афіцэр арміі Варшаўскага княства, мемуарыст Адам Турно ў сваім “Дзённіку” згадваў апошнюю Вігілію паэта на польскай зямлі: “Наш прарок: любіць нацыянальныя звычаі да перабольшання. Ён лічыў, што ў Вігілію трэба есці на сене, што ў куце павінна стаяць салома, што зорачка на валасінцы вісець павінна. Ён любіць толькі нацыянальныя стравы, боршч, капусту, каўбасы, чорную поліўку, клёцкі і г.д. Усё гэта далучае да нацыянальнага. Ён пабожны, жагнаецца, сядаючы і ўстаючы з-за стала”.
На святочную Імшу (Пастэрку) госці і гаспадары выправілася ў невялікі касцёл Святога Міхаіла Арханёла, які захаваўся дагэтуль у вельмі добрым стане. Пра падзеі 189-гадовай даўніны паведамляе памятная шыльда ў прытворы: “Турыст, ты стаіш перад касцёлам, у сценах якога ў Святой імшы-пастэрцы, адслужанай ксяндзом пробашчам Антоніем Няпшэцкім у ноч на 25 снежня 1831 года, удзельнічаў наш вялікі паэт Адам Міцкевіч”. Гэтую Пастэрку часам называюць “Імшой трох паэтаў”, бо, акрамя Міцкевіча, на ёй прысутнічалі таксама Стэфан Гарчыньскі і Вінцэнты Поль. Да іх далучыўся паўстанцкі кіраўнік Навагрудка – старэйшы брат Адама Францішак Міцкевіч, інтэрнаваны ў Прусіі. Гэта было прыгожае свята, згоднае са старадаўнімі звычаямі і праведзенае ў коле блізкіх. Літаратуразнаўца Тэафіл Сіга сцвярджае, што менавіта 24-31 снежня 1831 года – у Лукаве нарадзілася ідэя паэмы “Пан Тадэвуш” – гімна страчанай Радзімы. Перакананы ў гэтым і Юзаф Грабоўскі, які ў мемуарах згадвае, што “Адам Міцкевіч у хвіліны, вольныя ад цяжкага смутку, пачаў пісаць паэму Пана Тадэвуша”.
Пачытаць і паслухаць:
Калядка „W żłobie leży” (з якой прыходзілі да Міцкевіча госці) у выкананні гурта zespołu „Golec uOrkiestra” і ў версіі з тэкстам. Тэкст калядкі прыпісваюць знакамітаму царкоўнаму і дзяржаўнаму дзеячу Пятру Скаргу, а мелодыя адсылае да каранацыйнага паланеза Уладзіслава IV Вазы.
Успаміны пра Адама Міцкевіча, расказаныя малодшаму брату Марыяй Гарэцкай, Варшава, накладам Рэдакцыі Сямейнай Хронікі, 1875
Успаміны Ігната Дамейкі пра дзейнасць філаматаў і філарэтаў
Артыкул Ліліяны Нарковіч „Апошнія Вігіліі Адама Міцкевіча” аб асаблівым месцы Вігіліі ў лёсе Адама Міцкевіча, артыкул натхніў нас на гэты эпізод Бібліятэкі анлайн.
“Келля Конрада” – сімвалічная экспазіцыя, прысвечаная зняволенню філаматаў і Міцкевіча.