17.11.2016 Літаратура, Падзея

Насыпаць горы ў Мінску

МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

“Насыпаць горы. Палескія гісторыі” – гэтак называецца прысвечаная феномену Палесся кніга – а яе беларуская версія выйшла нядаўна ў выдавецтве “Логвінаў” – вядомай польскай журналісткі-рэпартажніцы Малгажаты Шэйнэрт

“Насыпаць горы. Палескія гісторыі” – таленавіта закручаны ўсёахопны аповед пра рэгіён, дзе поруч жылі беларусы, палякі, літоўцы, украінцы і габрэі. Але таксама і тутэйшыя – палешукі, для якіх радзіма – гэта не гісторыя ці палітыка, а месца чалавека ў космасе. Гэта застылы ў часе свет магнатаў, паноў і сялян, прамыслоўцаў, гандляроў і цадыкаў, а таксама яго драматычны фінал.

На пачатку ХХІ стагоддзя Малгажата Шэйнэрт выпраўляецца балотным шляхам на пошукі слядоў затопленай Пінскай флатыліі і зніклага Герадотавага мора. Распавядае пра Пінск, родны горад караля рэпартажнай журналістыкі Рышарда Капусціньскага, які ён сам не паспеў апісаць. Шэйнэрт адведвае герояў розных нацыянальнасцей, статусаў і часоў. Сярод іх беларускі палітык і польскі сенатар Раман Скірмунт, забіты ў сваім маёнтку; Напалеон Орда – дакументаліст амаль ужо страчанага свету замкаў, палацаў і святынь; вязень сталінскіх лагераў Казімір Свёнтак, які пазней, ужо ў часы свайго кардынальства, выбраў сабе ўбогае жытло на самай гразкай вуліцы Пінска; Рахіль Вейцман з Моталя, маці першага Прэзідэнта Ізраіля і бабка сёмага. Шэйнарт завітвае таксама ў хаты да шараговых паляшукоў – тым, хто жыве здалёк ад вялікай палітыкі, сцеражэ сваіх багоў і свае мовы, верыць, што яшчэ можна ўратаваць знішчанае. Кніга аздобленая вялікай колькасцю аўтэнтычных фотаздымкаў.

Малгажата Шэйнарт нарадзілася ў 1936 годзе ў Варшаве. Дэбютвала ў 1972 годзе рэпарцёрскай кнігай пра Амерыку. Была шэфам рэпартажнага аддзела “Газэты Выборчай”.

Прэзентацыя кнігі “Насыпаць горы” з удзелам аўтаркі, а таксама перакладчыц Марыі Пушкінай і Алены Пятровіч, адбудзецца ў мінскім “Прэс-клубе” (Веры Харужай, 3), а 19.

Прэзентацыя пройдзе ў рамках Месяца польскай літаратуры”з падрабязнай праграмай якога можна пазнаёміцца тут.

Scheduled Літаратура Падзея