Сяргей Пясецкі “Яблычак”- прэзентацыя перакладу першай часкі “Менскай трылогіі”


Раман выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута Польскай кнігі ў Кракаве, пераклаў твор тэлевядоўца і філолаг Віктар Шукеловіч.
“Яблычак” – першы раман з “Менскай трылогіі”. Дзеянне кнігі разгортваецца ранняй вясною 1918 года, калі Першая сусветная вайна пераўтварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Еўропы і былой Расійскай імперыі з надзеяй хуткага заробку сцягнуліся злодзеі, прастытуткі і махляры. Раман, які спалучае гумар і трагізм, апісвае зладзействы і ўнутраны свет злачынцаў, захапляе з першых старонак і трымае ў напружанні да апошняга.
“Гэта ўнікальны твор, – кажа Віктар Шукеловіч. – Кніга заснаваная на рэальных фактах і вельмі займальна расказвае нам, што адбывалася ў Менску 100 гадоў таму. У рамане нічога няма “з паветра”, як адзначыў сам Сяргей Пясецкі ва ўступе да выдання. Прычым твор апісвае вельмі спецыфічнае і закрытае асяроддзе зладзеяў, пра якіх мы звыкліся чытаць пераважна ў крымінальных хроніках, а не ў мастацкіх творах. Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна напісаная сведкам і ўдзельнікам падзей пачатку мінулага стагоддзя, знаўцам зладзейскіх парадкаў і звычаяў.
![]() |
Спецыяльны госць прэзентацыі – музыка Піт Паўлаў, які прадставіць песні, напісаныя па матывах раманаў шпіёна і кантрабандыста С. Пясецкага.
|
Сяргей Пясецкі – польска-беларускі пісьменннік, нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Яго жыццё поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, сярод якіх былі шпіянаж і кантрабандная дзейнасць на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава. У 1926 годзе С. Пясецкага за бандыцкі налёт прысудзілі да смяротнага пакарання, але потым замянілі прысуд на 15 гадоў турмы. За кратамі ў Пясецкага праявіўся літаратурны талент, а яго творы прынеслі славутасць і дапамаглі раней вызваліцца з турмы. Пасля Другой сусветнай вайны Пясецкі эміграваў на Захад, дзе жыў у вельмі сціплых умовах, хоць меў еўрапейскую літаратурную славу. Памёр у 1964 годзе ў Вялікабрытаніі.
|
![]() |
