3.03.2018 Літаратура, Падзея

Баляслаў Прус «Лялька» – прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову

XXV Міжнародная кніжная выстава-кірмаш
 
3 сакавіка 2018 года а 14-ай гадзіне на Польскім стэндзе ў выставачным павільёне БелЭкспа (Мінск, пр.Пераможцаў, 14) у рамках XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя перакладу рамана Баляслава Пруса «Лялька».
Раман выдаў Уладзімір Сіўчыкаў пры падтрымцы Інстытута Польскай кнігі ў Кракаве, пераклад на беларускую мову здзейснілі Галіна Жарко і Мікола Хаўстовіч.
 
 

Знакаміты раман «Лялька» Баляслава Пруса – гэта меладрама на фоне эпічнай панарамы варшаўскага жыцця канца 70-х гадоў пазамінулага стагоддзя са шматлікімі рэмінісцэнцыямі з часоў нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1830-1831, 1848 і 1863-1864 гадоў. Сюжэт нібыта звычайны, у яго аснову пакладзена гісторыя кахання сына збяднелага шляхціца Станіслава Вакульскага і збяднелай арыстакраткі Ізабэлы Ленцкай.

«Аднак «Лялька» – гэта не толькі і ня столькі бэлетрыстыка. Раман мае шмат узроўняў, і за адным слоем адчыняецца другі, глыбейшы, – кажа перакладчыца кнігі Галіна Жарко. «Лялька» – гэта твор пра тры пакаленні жыхароў былой Рэчы Паспалітай, якія зведалі горыч двух паўстанняў і спрабавалі прымірыцца з рэчаіснасцю. Гэта твор пра час, калі нараджалася сучаснае грамадства. Гэта час, калі чалавецтва захаплялася ідэямі тэхнічнага прагрэсу, перабудовы свету паводле «адзіна слушных» навуковых прынцыпаў і яшчэ не ведала, куды могуць завесці бескампрамісныя ідэі. Магчыма, з-за гэтай шматплянавасці «Ляльку» да сённяшняга часу чытаюць ва ўсім свеце», – кажа перакладчыца Галіна Жарко.

Напачатку раман быў апублікаваны ў газетным варыянце ў 1887-1889 гадах, і менавіта да гісторыі першавыдання твору і адсылае адмысловае афармленне беларускага перакладу. «Лялька» перавыдавалася ў кніжным фармаце шмат разоў, а ў перакладзе на беларускую мову раман выходзіць упершыню.

«Раман «Лялька» Баляслава Пруса здольны ўпрыгожыць доўгія зімовыя вечары вельмі рознага кола чытачоў і стаць добрай глебай для роздуму над разнастайнымі праблемамі ХХІ стагоддзя», – падсумоўвае рэцэнзент выдання Марына Казлоўская.

Прэзентацыя адбудзецца з удзелам доктара філалагічных навук, прафесара Святланы Мусіенка, выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава, і літаратуразнаўцы і перакладчыцы Марыны Казлоўскай. Мадэратарам сустрэчы выступіць беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Баляслаў Прус (Bolesław Prus; сапр. імя – Аляксандар Главацкі; 1847-1912), нарадзіўся на Любліншчыне ў сям’і збяднелага шляхціца. Вучыўся ў Люблінскім ліцэі, адкуль у 1863 годзе ўцёк да ўдзельнікаў паўстання. Быў паранены, пасля арыштаваны; у выніку зноў вярнуўся працягваць вучобу ў ліцэі. Пасля яго заканчэння Б.Прус паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне Галоўнай школы ў Варшаве, якое пакінуў у 1870 годзе з прычыны матэрыяльнай нястачы. Працаваў хатнім настаўнікам, рабочым, дзяржаўным чыноўнікам; з 1872 года пачалася яго журналісцкая дзейнасць у тагачасных выданнях – «Ніве», «Хатнім апекуне», «Кур’еры Варшаўскім». У 1874 годзе з’яўляюцца першыя апавяданні Пруса «Жыхар Паддашша» і «Якубаў сон», потым – раманы «Клопаты бабулі» (1874) і «Палац і хаціны» (1875). На пачатку 80-х гадоў ён стварае свае найлепшыя кароткія апавяданні «Антэк», «Шарманка», «Грахі маленства», «Камізэлька» (зборнік «Першыя апавяданні», 1881). У 1885 годзе была надрукаваная яго аповесць «Фарпост», а ў 1889 годзе – раман «Лялька». Не засталося незаўважаным з’яўленне яго наступнага рамана «Эмансіпанткі» (1893), а сусветную славу Баляславу Прусу прынёс яго гістарычны раман «Фараон» (1896). У апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця пісьменнік працаваў над раманамі «Дзеці» (выйшаў у 1909 годзе) і «Перамены», які застаўся няскончаны. Памёр Баляслаў Прус ад сардэчнага прыступу 19 траўня 1912 года.

Уваход вольны
 
Scheduled Літаратура Падзея