25.01.2019 - 24.02.2019 Мастацтва, Падзея

Выстава «Аляксандр Штурман (1869–1944). Мастак у падарожжы»

Выстава пазнаёміць гледача з творчасцю Аляксандра Штурмана
25 студзеня 2019 года а 16-й гадзіне ў Мастацкім музеі (вул. Леніна 32) – філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Аляксандр Штурман (1869–1944). Мастак у падарожжы» з калекцыі Падляскага музея ў Беластоку (Рэспубліка Польшча), арганізаваная сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску.
 

Выстава пазнаёміць гледача з творчасцю Аляксандра Штурмана – беспадстаўна забытага, таленавітага і ўнікальнага майстра, «мастака-вандроўцы», як называў яго сябар і паплечнік, рускі жывапісец Аркадзь Рылоў.

Аляксандр Штурман нарадзіўся 18 красавіка 1869 года ў Санкт-Пецярбургу. З 1870-х гадоў будучы мастак жыў у Варшаве, дзе яго бацька Іван Мітрафанавіч Штурман, чыноўнік Цэнтральнага інжынернага ўпраўлення, служыў у Варшаўскай інжынернай дыстанцыі. Аляксандр Штурман вучыўся ў Першай варшаўскай мужчынскай гімназіі, якую скончыў у 1888 годзе, а таксама ў варшаўскім класе малявання. У 18881890 гадах ён працягнуў адукацыю ў мастацкай школе адэскага Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў.

У 1890–1895 гадах Штурман вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у А.І. Куінджы. Там ён пазнаёміўся з Фердынандам Рушчыцам, Конрадам Кржыжаноўскім, а таксама з Аркадзем Рыловым, з якім яго звязала шматгадовае сяброўства. У 1895 годзе ён вярнуўся ў Варшаву. У 1898 годзе Штурман пераехаў у Мюнхен, дзе наведваў прыватную школу малявання Антона Ашбе. Мастак удзельнічаў у шматлікіх выставах у Расіі (выставы Таварыства паўднёварускіх мастакоў у Адэсе /1895, 1897/) і Польшчы (выставы Таварыства заахвочвання мастакоў у Варшаве /1896, 1897, 1899/). Крытыкі адзначалі яго тэхніку, колер і тэмперамент, але крытыкавалі яго за браваду. У 1899 годзе Штурман вяртаецца ў Варшаву, а ў 1900 пераязджае ў Санкт-Пецярбург. З 1903 па 1906 год ён выкладаў каліграфію і малюнак у Ценішаўскім вучылішчы.

У 1912 годзе Штурман пачаў сваю акадэмічную кареру. Да 1922 года ён выкладаў жывапіс у Пензенскім мастацкім вучылішчы. У гэты ж час актыўна займаўся творчасцю. У 1923 годзе па запрашэнні Фердынанда Рушчыца мастак пераехаў у Польшчу, адначасова пачаў выкладаць ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе заняў пасаду старшага асістэнта на кафедры пейзажнага жывапісу факультэта прыгожых мастацтваў, а з 1934 стаў адюнктам. Аляксандр Штурман памёр 12 лютага 1944 года i пахаваны ў праваслаўнай частцы Антакольскіх могілак у Вільні.

Творчыя людзі заўсёды любілі падарожнічаць. Паездкі Аляксандра Штурмана насілі ідэалагічны і практычны характар: ён вандраваў, набываючы новы вопыт, знаёмячыся з іншымі культурамі, і імкнуўся ўвесці ў польскае мастацтва інавацыі ў галіне жывапісу. Акрамя эстэтычнага складальніка падарожжаў Штурмана цікавілі самаўдасканаленне і сістэматызацыя набытых ведаў. Такія паездкі арганічна дапаўнялі яго педагагічную дзейнасць на факультэце прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

Большасць падарожжаў Штурман ажыццявіў у 1905–1911, затым у 1923–1932 гадах. Ён наведаў Англію, Францыю, Італію, Бельгію і Нідэрланды. Шмат вандраваў па Польшчы. Асабліва мастак любіў Венецыю, Сіену, Ратэрдам, а ў Польшчы – Казімеж-Дольны і Закапанэ.

Адной з вядучых тэм у творчасці Аляксандра Штурмана з’яўляецца еўрапейская архітэктура. Яго карціны – гэта свайго роду «паштоўкі з вандровак», на якіх мастак адлюстраваў зменлівую на працягу дня атмасферу месцаў, якія ён наведваў. Як і імпрэсіяністы, Штурман не клапаціўся аб філасофскіх праблемах у сваіх творах, лічачы, што ідэю, пададзеную ў карціне, кожны глядач расшыфроўвае індывідуальна, у залежнасці ад сваіх асаблівасцей успрымання. Першараднае значэнне для Штурмана меў колер. Мастак быў непераўзыдзеным каларыстам, любіў працаваць на адкрытым паветры. Асабліва адчувальны да колеру, ён выкарыстоўваў незвычайна багатую палітру, увесь час знаходзячыся ў пошуку новых выразных сродкаў.

Выстава «Аляксандр Штурман (1869–1944). Мастак у падарожжы» з калекцыі Падляскага музея ў Беластоку прадставіць больш за сто жывапісных твораў майстра, створаных у розныя гады, якія адлюстроўваюць самыя разнастайныя грані яго таленту. Гэта пераважна пейзажы – віды Польшчы, Італіі, Літвы, упадабаных месцаў шматлікіх падарожжаў жывапісца, а таксама нацюрморты і партрэты.

Збор твораў Аляксандра Штурмана ў Падляскім музеі ў Беластоку – самая вялікая музейная калекцыя работ мастака як у Польшчы, так і ў свеце. Калекцыя была перададзена ў Беласток у 1987 годзе з Нацыянальнага музея ў Варшаве як частка творчай спадчыны жывапісца. Акрамя Падляскага музея ў Беластоку творы Штурмана захоўваюцца ў калекцыі Мастацкага музея ў Лодзі і лодзінскай Ваяводскай пракуратуры. У 2013–2015 гадах дзякуючы супрацоўніцтву Падляскага музея ў Беластоку з Музеем палаца Караля Яна III у Вілянуве і фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны было адрэстаўрыравана 120 твораў Штурмана з беластоцкага збору.

У 2016–2019 гадах выстава «Аляксандр Штурман (1869–1944). Мастак у падарожжы» экспанавалася ў Падляскім музеі ў Беластоку і ў Палацы Тышкевічаў Тракайскага нацыянальнага гістарычнага парку ў Літве, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Выстава будзе працаваць па 24 лютага 2019 года

from to
Scheduled Мастацтва Падзея