2.05.2019 - 2.06.2019 Мастацтва, Падзея

Выстава “Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў”

Выстава прысвечанаЯ 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі

2 мая  а 17-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь музеі “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Вобразы эпохі ў творах Чэслава і Станіслава Манюшкаў», прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі і арганізаванай пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску. На выставе будуць прадстаўлены вокладкі нотных сшыткаў Станіслава Манюшкі і аркушы з малюнкамі з альбомаў яго бацькі Чэслава Манюшкі са збору Музычнага таварыства імя Станіслава Манюшкі ў Варшаве.

Імя выдатнага кампазітара Станіслава Манюшкі і яго музыка шырока вядомыя ў Беларусі – асобныя песні і арыі з яго опер выконваюцца на канцэртах, з яго творчасцю знаёмяць навучэнцаў музычных навучальных устаноў. А вось малюнкі Чэслава Манюшкі беларускай публіцы невядомыя зусім.

Ён не быў прафесійным мастаком, не атрымаў спецыяльнай адукацыі, але мастацтвам захапляўся заўсёды. Некаторы час ён дзяліў агульную майстэрню з Валенціем Ваньковічам у Верхнім горадзе ў Мінску, карыстаючыся парадамі паспяховага мастака. Спадчына Чэслава Манюшкі налічвае шэсць рознафарматных альбомаў з вершамі, паэмамі, а таксама малюнкамі, зробленымі алоўкам, пяром і тушшу.

Сюжэты малюнкаў узяты са штодзённага жыцця. Гэта выявы знаёмых яму сядзіб, людзей са свайго атачэння, бытавых сцэн. Ёсць выявы блізкіх яму людзей: сына Станіслава ў 5 гадоў і ўжо гімназістам, жонкі Эльжбеты з Маджарскіх – з кнігай у руках, за раялем, новых сваякоў Мюлераў. Часта малюнкі суправаджаюцца подпісамі-тлумачэннямі, што робіць іх яшчэ больш цікавымі для сучасных гледачоў.

Выстава будзе працягвацца да 2 ліпеня. Уваход на выставу па білеце ў музей.

from to
Scheduled Мастацтва Падзея