ЛЁС ІНСУРГЕНТА: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе
Біяграфія аднаго з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа, удзельніка паўстання 1830-1831 гг., паэта, аднаго з першых беларускіх фатографаў Аляксандра Рыпінскага выйшла ў серыі “Наша ХІХ стагоддзе” выдавецтва “Лімарыус” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
“Вывучэнне беларускага фальклору, заахвочанае любоўю да мовы і народа, сярод якога рос, а таксама ўласныя літаратурныя творы, напісаныя на роднай яму польскай мове, робяць творчасць А. Рыпінскага здабыткам адразу дзвюх славянскіх літаратур — польскай і беларускай. Яшчэ з маладых гадоў А. Рыпінскі жыў толькі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра гонар і абавязак. Яго пераследавалі ўлады царскай Расіі, і ён быў вымушаны пакінуць месцы, дзе нарадзіўся. Раптоўныя развітанні з сябрамі і блізкімі, суровае жыццё эмігранта, якое прымушала да пераездаў з краіны ў краіну, да нечаканай змены дзейнасці, разумелася не ўсімі нават у яго акружэнні…”, – адзначае аўтарка.
Дакументальная аповесць віцебскай даследчыцы Людмілы Хмяльніцкай заснавана на архіўных матэрыялах. Сярод герояў гэтай кнігі таксама паэты Адам Міцкевіч і Вільгельм Кюхельбекер, палітыкі Адам Ежы Чартарыйскі і Анджэй Тавяньскі, імператары і міністры, дыпламаты і вайскоўцы. У кнізе апісваецца жыццёвы шлях Аляксандра Рыпінскага ад навучання ў Віцебскай базыльянскай гімназіі да жыцця ў эміграцыі і вяртання на радзіму, прадстаўляецца агляд друкаванай і нявыдадзенай творчай спадчыны. Упершыню падрабязна разглядаюцца апошнія гады жыцця, падаюцца дата смерці і месца пахавання.
Аляксандр Рыпінскі, аўтар першай кнігі пад назвай “Беларусь” („Białoruś”), вяртаецца на радзіму.
Мадэратар — Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, каардынатар выдавецкай серыі “Наша XIX стагоддзе”.
УВАХОД ВОЛЬНЫ