З 14 лютага па 5 красавіка 2020 г. у нясвіжскім палацы князёў Радзівілаў будзе працаваць міжнародная выстава “МОДНЫЯ ДАМЫ Ў НЯСВІЖЫ” – сумесны праект Музея ў Небарове і Аркадыі (Польшча) і Музея-запаведніка “Нясвіж” (Беларусь).
Аснову часовай экспазіцыі складае ўнікальная персанальная калекцыя ўбораў апошняй небароўскай княгіні Ганны Радзівіл з Любамірскіх, а таксама – рэканструкцыі жаночых строяў ХІХ стагоддзя, зробленыя паводле партрэтаў адпаведнай эпохі. Дэманстрацыя арыгінальных сукенак і іх рэканструкцый не толькі дазволіць адчуць каларыт ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, але і нагадае пра даўнія культурныя кантакты паміж радзівілаўскімі рэзідэнцыямі Небаровам і Нясвіжам.
Акрамя таго на выставе будуць прадстаўлены вееры, упрыгожванні, аксэсуары, фотаздымкі з музейных збораў і прыватных калекцый.
У падрыхтоўцы і правядзенні праекта ўдзельнічаюць:
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” (Беларусь)
Музей у Небарове і Аркадыі (Польшча)
Фонд “Nomina Rosae” (Польшча)
Музей “Замкавы комплекс “Мір” (Беларусь)
Мацей Радзівіл (Польшча)
Польскі Інстытут у Мінску