21.04.2020 - 27.04.2020 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн.02

Марыя Радзевіч “Лета лясных людзей”.

Вясна сёлета выдалася хатняй паравінай года. Таму таксама, а яшчэ сумуючы на няўёмным харастве прыроды, мы прапануем вашай увазе кнігу Марыі Радзевіч “Лета лясных людзей”.

Марыя Радзевіч нарадзілася ў 1864 годзе ў маёнтку Пянюгі на Гродзеншчыне. У тым самым годзе яе бацькі былі высланыя ў Сібір за ўдзел у паўстанні і дапамогу Рамуальду Траўгуту, а маёнтак быў канфіскаваны. Пасля вяртання з Сібіры сям’я некаторы час жыла ў Варшаве, а зацішнае шчасце знайшла ў палескай сядзібе Грушава. Гэты дом стаў клопатам і радасцю пісьменніцы, якая пераняла кіраванне маёнткам пасля смерці бацькі. Жыхары Грушава дагэтуль згадваюць яе.

На свой час Марыя Радзевіч была асобай радыкальнай: насіла кароткую стрыжку вожыкам, мужчынскі касцюм, цікавілася палітыкай, дбайна займалася гаспадаркай і праяўляла сацыяльную актыўнасць. А яшчэ належала да будыстаў і масонскай ложы.

Усё гэта моцна спрычынілася да яе паглыблення ў палескія традыцыі, легенды і побыт. Яе аповесць “Лета лясных людзей” была апублікаваная ў 1920 годзе. І гэта магутны гімн Прыродзе ў яе старажытнай і дзікай стыхійнасці.

Пра старадаўні, бо адвечны, як бор, род пойдзе гаворка. Продкі ягоныя – ва ўсіх стагоддзях і звычаях усіх плямёнаў чалавечых, бо гэта род не цела, а душы, род не жыхароў, а прыхільнікаў лесу, шанавальнікаў прыроды”.

Героі аповесці  – лекар, навуковец і вясковец – селяцца ў хаце пасярод лясной глушы. Яны прыехалі не адпачываць, ім хочацца стаць сапраўднымі “людзьмі лесу”: з’яднацца з прыгодай, спазнаць яе таямніцы. Неўзабаве да іх далучаецца гарадскі хлопец, прагны пераняць прыродазнаўчы досвед “Расамахі”, “Пантэры” і “Жураўля”.

Лад жыцця герояў вельмі просты і падпарадкаваны законам прыроды: яны самі вырабляюць усе неабходныя прылады працы, абрабляюць зямлю, здабываюць eжу  паляваннем, збіральніцтвам і садаводствам. Шмат назіраюць за ляснымі жыхарамі і прыручаюць некаторых з іх. Рытм жыцця лясных людзей вызначаюць сонца і надвор’е.

Кніга “Лета лясных людзей” спрычынілася да папулярызацыі незвычайнага выхаваўчага руху ў Польшчы, які атрымаў назву “пушчанства” – своеасаблівае злучэнне скаўтынга і “харцэрскага” руху, мэта якога спазнаваць і ахоўваць лясную прыроду.

Аповесць пахне лесам пасля дажджу, жывіцай, мёдам і зёлкамі. Гаючае чытанне ў часы каранціну.

Прапануем вам:

(даступныя фарматы: pdf, epub, mobi, fb2, txt)

  • Першае выданне кнігі, 1920 год.
  • Падарожжа Змітра Бартосіка ў Грушава, колішні маёнтак Марыі Радзевіч – чытаць тут.
  • Захапляльны аповед стваральніка Музея Марыі Радзевіч на Мазурскіх азёрах Дар’юша Морштына пра постаць пісьменніцы, пра людзей у яе жыцці і звязаныя з ёю мясціны – па спасылцы.

Паводле Дар’юша Морштына, прататыпамі герояў твора была сама пісьменніца і яе блізкія сяброўкі – Марыя Ястшэмбска і Гелена Скірмунт. Марай даследчыка было знайсці месца дзеяння сваёй любімай аповесці “Лета лясных людзей” і, здаецца, ён знайшоў яго на Палессі.

from to
Scheduled Літаратура Падзея