19.04.2020 Музыка, Падзея

ВЕЛІКОДНЫ АРГАННЫ АНЛАЙН-КАНЦЭРТ. Матэвуш ЖЭВУСКІ (арган, Польшча)

Польскі Інстытут у Мінску віншуе ўсіх вернікаў праваслаўнага вызнання з Вялікаднём!
Дарагія сябры, у святочныя дні, якія адбываюцца ў складаных умовах пандэміі, прапануем Вам застацца дома і паслухаць прыгожую арганную музыку ў выкананні знакамітага польскага арганіста маладога пакалення МАТЭВУША ЖЭВУСКАГА.

У праграме канцэрта прагучаць творы І.С. Баха, М. Савы, Ф. Мендэльсона-Бертольдзі, а таксама аўтарскія імправізацыі М. Жэвускага на тэмы польскіх велікодных песень.

Польскі Інстытут у Мінску жадае Вам здаровых, спакойных Велікодных свят, напоўненых верай, надзеяй і любоўю, а таксама цярплівасці ў цяжкасцях штодзённасці!

Канцэрт даступны па спасылцы:
 https://www.youtube.com/watch?v=wDTK418KNaE&feature=youtu.be

Арганізатар канцэрта – Польскі Інстытут у Мінску 

У праграме: 

1. Іаган Себасцьян Бах (1685-1750) – Прэлюдыя Es-dur, BWV 552
2. Марыян Сава (1937-2005) – I. Радуйся, Каралева мілая, II. Уваскрос Гасподзь Хрыстос, III. Вясёлы ў нас сёння дзень надышоў
3. Матэвуш Rzewuski (1991 *) – імправізацыя на тэмы польскай песні “Вытрыце ўжо слёзы, хто плача”
4. Фелікс Мендэльсон-Бартольдзі (1809-1847) – І. арганная саната f-moll op. 65: 1. (Allegro – Adagio – Andante recitativo – Allegro assai vivace)
Матэвуш ЖЭВУСКІ
Матэвуш Жэвускі нарадзіўся ў 1991 годзе ў г. Лукаў (Польшча). Атрымаў чатыры музычныя адукацыі: у Польшчы - Музычны ўніверсітэт імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве, у Германіі -  Вышэйшая музычная школа ў Любеку, у Францыі – аспірантура Рэгіянальнай кансерваторыі ў Парыжы і ў Швейцарыі – аспірантура ў галіне старажытнай музыкі ў Базельскай музычнай акадэміі.  Ступень доктара музычных мастацтваў М.Жэвускі атрымаў  у 2018 годзе ў Музычным універсітэце імя Ф. Шапэна ў Варшаве, абараніўшы дысертацыю пра арганную музыку М. Дапра і А. Месіяна і запісаўшы кампакт-дыск на гістарычных арганах Арыстыда Кавалье-Колы ў саборы Св. Крыжа ў Арлеане (Францыя). 

Матэвуш Жэвускі выступаў на міжнародных фестывалях і з сольнымі канцэртамі на чатырох кантынентах: у 21 еўрапейскай краіне, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўднёвай Карэі, Ганконгу, Расіі і інш. У 2018 г.  выступіў у Беларусі з канцэртам у Архікатэдры імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску.  

Фіналіст Міжнароднага конкурсу арганнай музыкі імя кс. Станіслава Арміньскага ў Руміі (Германія, 2011), Нацыянальнага конкурсу арганнай Імправізацыі ў Лягніцы (Польшча, 2013), лаўрэат І прэміі і спецыяльнага прыза на Міжнародным конкурсе арганнай музыкі „Арганісты Новай Еўропы” ў г. Бардо (Польшча, 2013), лаўрэат ІІ прэміі і спецыяльнага прыза на VII Міжнародным аранным конкурсе імя М. К. Чурлёніса ў Вільнюсе (2015) і І прэміі на І Міжнародным арганным конкурсе ў Беластоку (Польшча, 2017).  

Актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх майстар-класах пад кіраўніцтвам выбітных арганістаў: Гая Бовета, Пітэра ван Дайка, Ганса Фагіуса, Аліўе Лары, Луджэра Ломана, Майкла Радулеску, Даніэля Рота і іншых. 

З’яўляецца стыпендыятам прэзідэнта горада Варшавы і рэктара Музычнага ўніверсітэта імя Ф. Шапэна ў Варшаве. Акрамя таго атрымаў стыпендыю Міністэрства Навукі Польшчы і Стыпендыю Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны “Маладая Польшча”. 

 З 2013 года займаецца арганізатарскай дзейнасцю ў галіне культуры. Матэвуш Жэвускі – заснавальнік і мастацкі кіраўнік міжнародных фестываляў арганнай і камернай музыкі ў Польшчы: Лукаве, Бялай Падлясцы, Уладаве і ў раёне Прага-Поўдзень у Варшаве.

Scheduled Музыка Падзея