12.05.2020 Літаратура, Падзея

Збігнеў Герберт у беларускіх перакладах

“Санаторый пад клепсідрай”:  

анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску  

 “Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.  

Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай” 

 Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Падчас чацвёртай сустрэчы Андрэй Хадановіч раскажа пра культавага польскага паэта ХХ ст. Збігнева Герберта (1924-1998). Чаму менавіта ён – найулюбёнейшы лірык у шматлікіх польскіх чытачоў, якія мроілі пра Нобелеўскую ўзнагароду менавіта для яго? Іпастасі Герберта – эрудыта, рамантыка, эксперыментатара, сюррэаліста, (сама)іраніста, класіка, маральнага аўтарытэта. Аўтар між класічным вершам і вершам у прозе. “Прайсці праз вернасць”: тры формулы Герберта. “Гісторыя пішацца пераможцамі” – ці здольны паэт змяніць гэтую логіку? Як Пан Когіта ўвайшоў у сусветную паэзію і чаму вучыць ягонае “пасланне”? Як Герберт зрабіўся “прынцам паэтаў” і чаму паўстала Ліга абароны польскай паэзіі ад Герберта? Як склалася кананічнае “дзевяцікніжжа” паэта і ці змяніла яго партрэт публікацыя вершаў, не сабраных у кнігах пры жыцці аўтара? Вандроўная эсэістыка “варвара” ў садзе еўрапейскай культуры. “Спроба апісання краявіду”: як стварыць травелог і вербалізаваць візуальнае без інтэрнэта і гаджэтаў? Як рэканструяваць Гамэра і Сакрата з дапамогай радыёп’ес? Тры выданні Герберта па-беларуску: ад “Рапарта з Горада ў аблозе” да новага двухтомніка. Беларускі Герберт у версіях Юрася Бушлякова, Марыны Казлоўскай, Марыі Мартысевіч, Сержа Мінскевіча, Андрэя Хадановіча.

Запрашаем на сустрэчу ў прамым эфіры 12 траўня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку

Scheduled Літаратура Падзея