19.05.2020 - 25.05.2020 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн. 06

Адмыслова да святкавання стагоддзя з дня нараджэння Святога Яна Паўла ІІ Бібліятэка анлайн падрыхтавала кароткі агляд яго паэтычнай і драматургічнай творчасці.

 Паэтычная творчасць з ранняга юнацтва грала ў жыцці Караля Вайтылы істотную ролю. Вершы ён пачаў пісаць у гімназіі, стварыўшы рамантычную баладу “Любоўны ліст” і паэму “Смерць Барбары”.

Гаворачы пра паэзію, перш за ўсё, трэба выразна адзначыць, што ў жыцці Караля Вайтылы яна мела надзвычай інтымнае значэнне. Вершы юнацкага перыяду ён вельмі доўга не хацеў перавыдаваць, а рэшту твораў публікаваў выключна пад псеўданімамі: Анджэй Явень, А. Я., Станіслаў Анджэй Груда і Пётр Ясень. Песня пра Бога схаванага” выходзіць ананімна пасля вайны, і аўтар твора застаецца невядомым да самай публікацыі ў 1998 годзе, а Рэнесансны псалтыр” (прысвечаны памерлай маці) з’яўляецца ў друкаваным выглядзе праз 18 гадоў пасля абрання кракаўскага мітрапаліта Папам Рымскім. Першае і, згодна з воляй Яна Паўла II, няпоўнае выданне вершаў і п’ес пад яго імем выходзіць толькі ў 1980 годзе. Інтэлектуальнае і духоўнае развіццё Караля Вайтылы хутка паказвае яму недасканаласць юнацкіх твораў. Амбіцыйная спроба аб’яднання розных плыняў народнай традыцыі, хрысціянства і антычнасці ў маладапольскім і скамандрыцкім стылі  сёння цікавая, у асноўным, як запіс пошукаў, клопатаў і захапленняў маладога Караля Вайтылы. Па-другое, ужо сталы аўтар вельмі дакладна ўсведамляе, што паэтычная творчасць як прызванне патрабуе прысвяціць ёй усё жыццё. Таму Ян Павел II некалькі разоў паўтараў: “Паэзіявялікая дама, якой трэба прысвяціць сябе цалкам. Баюся, я не зусім адпавядаў ёй”

Драматычная творчасць

Рашэнню Караля Вайтылы напісаць п’есу Брат нашага Бога” (1945) папярэднічала шматгадовае захапленне тэатрам. Вучань Караль Вайтыла не толькі граў у школьным тэатры (там ставіліся такія п’есы як “Антыгона” або “Дзявочыя зарокі”), але і ездзіў у Кракаў на ўсе тэатральныя прэм’еры. Потым ён граў у аматарскім тэатры ў Вадавіцах, у “Студыі 39” – драматычнай школе пад апекай Кракаўскага тэатральнага брацтва, і, нарэшце, – у найважнейшым для яго “Рапсадычным тэатры”, заснаваным Мечыславам Калярчыкам. У гэтым тэатры Вайтыла выступаў, у асноўным, падчас вайны, а таксама як клірык (у кастрычніку 1942 года ён пачаў вывучаць багаслоўе на Тэалагічным факультэце падпольнага Ягелонскага ўніверсітэта), да таго моманту, калі ў мэтах бяспекі, у жніўні 1944 года па даручэнні арцыбіскупа Сапегі пасяліўся ў Доме кракаўскіх арцыбіскупаў. Гэта быў спецыфічны тэатр – тэатр слова. Караль Вайтыла пісаў пра яго так: “Перавага слова над жэстам ускосна вяртае думку аб перавазе руху і рэфлексу ў чалавеку. Пры гэтым выяўляецца, што думка – не стаячая вада, у ёй заключаны свой рух. Менавіта гэты рух думкі, дынаміка думкі, падхоплівае жывое слова і робіць яго ядром дзеяння”. Варта дадаць, што ў гэтым падпольным падчас нямецкай акупацыі тэатры Караль Вайтыла, рызыкуючы жыццём, прыняў удзел больш чым у сотні таемных сходаў, рэпетыцый і прэм’ер.

Гэтае захапленне словам стала натхненнем для ўласнай паэтычнай і драматургічнай творчасці. Калі прапусціць самыя раннія творы, то Караль Вайтыла з’яўляецца аўтарам трох п’ес: “Брат нашага Бога” (1945-1950, апублікаваная толькі ў 1979 годзе), “Перад крамай ювеліра. Разважанне пра сакрамент шлюбу (1960) і “Выпраменьванне бацькоўства (1964, у пашыранай версіі апублікаваная ў 1979 годзе пад псеўданімам Станіслаў Анджэй Гурда). Усе гэтыя п’есы маюць рэфлексіўны характар і часам бліжэйшыя да філасофскага трактату, чым да класічнай драматургіі. Пасля напісання “Перад крамай ювеліра” сам аўтар так пракаментаваў сваю творчасць: “Я ўжо даўно спрабаваў выкарыстоўваць рапсадычны стыль, які мне падаецца хутчэй медытацыяй, чым драмай”. Каментатары адзначаюць, што гэта хутчэй своеасабліва суразмешчанае “кола маналогаў”, чым традыцыйны тэатральны дыялог. Таму іх часта называлі “ўнутранымі драмамі”.

“Брат нашага Бога” – гэта п’еса пра мастака Альберта Хмялеўскага, які, шукаючы Бога, адкрывае шлях святасці і прапануе сваё жыццё бедным. Караль Вайтыла канцэнтруецца на падвойным экзістэнцыяльным расколе галоўнага героя – выбары паміж пакліканнем мастака і адданнем свайго жыцця абдзеленым людзям, а таксама паміж радыкальнай, рэвалюцыйнай рэакцыяй на сацыяльную несправядлівасць і пазіцыяй міласэрнасці.

Перад крамай ювеліра. Разважанне пра сакрамент шлюбу, якое часам пераходзіць у драму разглядае праблему кахання ў шлюбе, якое надае сэнс чалавечаму жыццю. Тры пары не размаўляюць адно з адным, а прамаўляюць маналогі, дэманструючы крызісы і барацьбу, якія паступова вядуць іх да ўнутранай сталасці.

“Выпраменьванне бацькоўства мае падзагаловак “Містэрыя”. Галоўная тэма п’есы – даспяванне да бацькоўства – унутраная духоўная вандроўка галоўнага героя п’есы. Адам, каб прыняць бацькоўства і даспець да яго, павінен пераступіць праз сваю адзіноту і прыняць свой досвед дзіцяці: Адаме, прымі праменне бацькоўства, Адаме – стань дзіцём. Без прыняцця з любоўю “дзіцяці ў сабе” немагчыма сапраўднае бацькоўства.

Спектаклі паводле п’ес Караля Вайтылы неаднаразова ставіліся на польскіх тэатральных сцэнах, а паводле п’есы “Брат нашага Бога” Кшыштаф Занусі зняў фільм.

Акцёрскі досвед, пастаўлены голас і выдатная дыкцыя дапамагалі Яну Паўлу II данесці свае думкі да натоўпаў вернікаў. На працягу ўсяго пантыфікату Папа вельмі ахвотна прымаў на прыватных аўдыенцыях людзей тэатра, жыва абмяркоўваючы акцёрства і ролю тэатра ў пабудове маральнага парадку.

Папа Ян Павел ІІ вядомы і як аўтар глыбокіх тэалагічных прац: «Каханне і адказнасць», «Тамісцкі персаналізм», «Этыка і маральная тэалогія», «Асоба і ўчынак», «Роздум аб смерці» і інш.

Паэтычныя творы Караля Вайтылы на мове арыгіналу даступныя для чытання на сайце poezja.org.

На старонцы часопіса “Наша вера” можна знайсці вершы Караля Вайтылы ў беларускім перакладзе Аляксея Чобата і паэму “Рымскі трыпціх (Медытацыі)” ў перакладзе Дануты Бічэль.

Паводле выдання: o. Maciej Zięba OP, Jestem z Wami: kompendium twórczości i nauczania Karola Wojtyły – Jana Pawła II, Wydawnistwo M, Kraków 2010.

Karol Wojtyła Poezje. Poems Wydawnictwo Literackie, 2011
from to
Scheduled Літаратура Падзея