26.05.2020 - 1.06.2020 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн. 07

Шаноўныя сябры, у нашай рубрыцы “Бібліятэка анлайн” мы расказваем вам пра класіку польскай літаратуры, даступную для чытання анлайн. Але нас часта пытаюць, дзе знайсці навінкі прозы, паэзіі, актуальныя і адзначаныя прэміямі выданні. Спяшаемся з адказам. Ва ўмовах каранціну многія кніжныя парталы адкрываюць доступ да сваіх збораў. Часам гэта цалкам бясплатна, часам – з вялікай зніжкай. Прапануем вашай увазе кароткі агляд найбольш цікавых прапаноў.

Empik PremiumCzas w domuзвычайна платная паслуга найбуйнейшай польскай анлайн-кнігарні, на час каранціну даступная бясплатна цягам 60 дзён. Гэта знак падтрымкі ад партала ў сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй. За нуль злотых вы атрымліваеце доступ да 13 тысяч электронных і аўдыёкніг. Трэба толькі зарэгістравацца ў сістэме, упісаць свой e-mail і атрымаць на яго адмысловы код. Кнігі даступныя для чытання і праслухоўвання ў мабільным прыкладанні Empik Go. Код адкрывае доступ не да ўсіх збораў кнігарні, але разнастайнасць уражвае: дэтэктывы Войцеха Хмеляжа і Зыгмунта Мілашэўскага, раманы Януша Леона Вішнеўскага, найноўшыя рэпартажы (у тым ліку і на медыцынскія тэмы), фантастыка, кнігі для дзяцей і моладзі.

Інтэрнэт-кнігарня Woblink штогод радуе чытачоў акцыяй Czytaj.pl, але мае таксама сталы раздзел з бясплатнымі электроннымі кнігамі. Варта зірнуць на прапанову кнігарняў Publio (звярніце ўвагу на падборку школьных падручнікаў) і Nexto (калі вы цікавіцеся музыкай – у наяўнасці цэлых 12 тамоў “Гісторыі польскай музыкі”).

Добрыя зніжкі на электронныя кнігі цяпер можна знасці на старонцы выдавецтва Wielka Litera і на старонцы Legimi.pl (кошты на месячны абанемент партала legimi.pl пачынаюцца ўжо ад 6,99 zł).

Цалкам прысвечана электронным выданням бясплатная інтэрнэт-кнігарня Ebooks43.pl. На старонцы можна знайсці цікавыя зборнікі апавяданняў. Каб спампаваць кнігу, неабходна стварыць акаўнт. Сервіс прапануе кнігі ў фарматах PDF, ePub i MOBI.

Старонка “Fantastyka Polska – гэта прыватная ініцыятыва, якая бясплатна прапануе доступ да 300 кніг сучасных польскіх аўтараў-фантастаў. Усе тэксты змешчаныя на старонцы самімі аўтарамі, для чытання дастаткова толькі зарэгістравацца.

Przystanekhistoria.pl – гэта старонка пад патранатам Інстытута нацыянальнай памяці, якая прапануе вялікую падборку электронных публікацый на тэму гісторыі Польшчы ХХ стагоддзя. Узнаўленне незалежнасці, міжваеннае дваццацігоддзе, Другая сусветная вайна, антысавецкае падполле, Польская народная рэспубліка і дзейнасць “Салідарнасці”. Ёсць таксама аўдыё- і відэаматэрыялы: лекцыі, дэбаты і падборка адмысловых ролікаў для дзяцей.

 

Ілюстрацыя – Ніно Карэ, Pixabay.

from to
Scheduled Літаратура Падзея