23.06.2020 - 29.06.2020 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн. 11

Гэтым разам Бібліятэка анлайн згадвае трагічную гісторыю Паўстання 1863-1864 гадоў паводле ўдзельніцы падзей, славутай пісьменніцы Элізы Ажэшкі.

Ляцеў па сьвеце вецер: цікаўны, неспакойны, слухаў гукі прыроды, расказы вады, збожжа, палявых кветак, прыдарожных дрэваў і – шумеў. Шумеў пра ўсё, што бачыў і чуў на шырокім, вялікім, на найцудоўным сьвеце, ляцеў, аж пакуль не прыляцеў у краіну, багатую на ваду, на дрэвы і травы, якая называецца Літоўскім Палесьсем.

Эліза Ажэшка
(пераклад Анатоля Бутэвіча)

 

“Gloria victis” (гэта значыць “Слава пераможаным”) – зборнік апавяданняў-навел Элізы Ажэшкі, упершыню выдадзены ў 1910 годзе пасля рэвалюцыі 1905 года, якая прынесла істотнае паслабленне цэнзуры на тэрыторыі Расійскай Імперыі.  

Першапачаткова кніга павінна была насіць назву: “1863”. Тэматычна ўсе змешчаныя ў выданні навелы адносяцца да часоў паўстання 1863-1864 гадоў, лёс якога вельмі хваляваў аўтарку. У гэты час Эліза Ажэшка вярнулася з Варшавы ў маёнтак Людвінава (блізу Драгічына) і актыўна падтрымлівала паўстанцаў у дапаможных службах. З сярэдзіны чэрвеня 1863 года, каля двух тыдняў, у Людвінаве знаходзіўся знясілены і хворы генерал Рамуальд Траўгут, якога пазней (у ліпені) Ажэшка ўласнай карэтай адвезла да мяжы Каралеўства Польскага. Аднак нават дапамога пісьменніцы і яе мужа не выратавала Траўгута. У ноч з 10 на 11 красавіка 1864 года Рамуальд Траўгут быў арыштаваны і прысуджаны да смяротнага пакарання. Прысуд быў вынесены праз павешанне каля Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года. Муж Элізы Ажэшкі – Пётр Ажэшка – быў арыштаваны восенню 1863 года, а ў сакавіку 1865 года прыгавораны да высылкі ў Пермскую губерню.

Амаль праз пяцьдзясят гадоў пасля паразы паўстання Ажэшка хацела нагадаць пра намаганні паўстанцаў. Яна лічыла, што моладзь, падвяргаючыся добраахвотнай або прымусовай русіфікацыі, забывае пра ролю гэтых падзей. Між тым для пісьменніцы, якая сама актыўна ўдзельнічала ў паўстанні, гэта было непрымальна.

Рэвалюцыя 1905 года і звязаныя з ёй ліберальныя ідэі выклікалі асацыяцыі з той атмасферай, якая калісьці спадарожнічала паўстанцам. У канчатковым падаўленні рэвалюцыі Ажэшка бачыла аналогію з паразай паўстання і адпаведнымі песімістычнымі настроямі ў грамадстве.

У напісаных праз шмат гадоў навелах, такіх як аднайменная “Gloria victis”, яна спрабавала апісаць свой удзел у паўстанні ў белетрызаванай форме.

Зборнік складаецца з наступных апавяданняў:

  • Яны
  • Афіцэр
  • Гекуба
  • Бог ведае хто
  • Gloria victis

Пазнейшыя выданні ўключалі ў змест апавяданні “Дзіўная гісторыя”, “Смерць дома” і “Панна Ружа”.

Сюжэт навелы “Gloria victis” уяўляе сабой эпізод паўстання. Апавядальнікам выступае прырода (дрэвы, вецер, кветкі). Дзеянне адбываецца на “Літоўскім Палессі”. Гэта трагічная гісторыя двух маладых салдатаў з паўстанцкага атрада Рамуальда Траўгута і адначасова гісторыя ўсяго паўстання. Марысь Тарлоўскі і яго сябар Ягмін, закаханы ў сястру Марыся, Анэльку, загінулі, ахвяраваўшы сваім жыццём у імя Радзімы. Загінуў увесь атрад. Гісторыю паўстанцкай магілы распавядае стары дуб, а імклівы вецер нясе па-над палямі, водамі, гарадамі і вёскамі крык: “Gloria victis!”, “Слава пераможаным!”.

Апавяданні з цыклу Элізы Ажэшкі “Gloria victis” увекавечваюць агульную гісторыю Польшчы, Беларусі і Украіны. На беларускую мову навелы перакладае Анатоль Бутэвіч.

Для чытання і праслухоўвання:

Кніга “Gloria victis”, выдадзеная Гебетнерам і Вольфам ў 1928 г. Polona.pl

“Gloria victis” для запампоўкі ў фарматах PDF, EPUB, MOBI на сайце Wolnelektury.pl, апавяданне “Gloria victis” таксама даступнае ў выглядзе аўдыёкнігі.

Беларускі пераклад апавядання “Gloria victis” з уступным словам, перакладчык і аўтар уступнага слова – Анатоль Бутэвіч.

Ілюстрацыя: Паўстанцы, узброеныя косамі, здымак з калекцыі Музея гісторыі Польшчы

from to
Scheduled Літаратура Падзея