29.06.2020 Літаратура, Падзея

Сёння ў мяне народзіны!

“Сёння ў мяне народзіны! – пад такім лозунгам 10 гадоў таму праходзіў круглагадовы фестываль апавяданняў Славаміра Мрожака. Тады адзначалася васьмідзесяцігоддзе майстра польскай драматургіі абсурду. 29 чэрвеня 2020 года мы ўжо без удзелу пісьменніка адзначаем яго дзевяностыя народзіны. Згадваем яго стыль, іранічнае адчуванне слова і выдатнае пачуццё гумару. Славамір Мрожак заўсёды быў актуальны, нават у эміграцыі (ён з’ехаў з краіны ў 1963 годзе і вярнуўся толькі ў другой палове 90-х) актыўна каментаваў грамадска-палітычныя з’явы тагачаснай Польшчы. Мрожак дэбютаваў у 1950 годзе як карыкатурыст, адсюль, напэўна, і паходзіць яго пільная ўвага да дробязяў нашага жыцця. Усяго ў творчым даробку Мрожака каля 40 п’ес, у т.л. “Эмігранты”, “Танга”, “Удовы”, “Каханне ў Крыме” і “Карнавал, або першая жонка Адама”.

Кожная эпоха абсурдная па-свойму, таму прапануем зірнуць на гэтую з’яву праз апавяданні Славаміра Мрожака (у выглядзе аўдыё) і праз радыёспектакль “Молатаў” рэжысёра Багдана Цёска.

Апавяданні Славаміра Мрожака, незалежна ад таго, калі яны былі напісаныя, дагэтуль захавалі сваю вастрыню і свежасць. Яны пазачасавыя ў апісанні чалавечай прыроды, мізэрнасці, амбіцый, велічы, пыхі і расчаравання і іх сутыкнення з няўмольнай рэальнасцю. Гэтыя творы ані губляюць сваёй выразнай сілы. Іронія, сарказм, гратэск, чорны гумар, абсурд, стаічная дыстанцыя і малы рэалізм – усё гэта ў апавяданнях Мрожака выдатна спалучаецца і перамешваецца ў дасканалых прапорцыях.

На здымку: Славамір Мрожак 1960 г., Кракаў, фатограф Войцех Плевіньскі

Scheduled Літаратура Падзея