8.09.2020 - 14.09.2020 Літаратура

10 фактаў з жыцця Канстантыя Ільдэфанса Галчыньскага

Бібліятэка-анлайн

Запланаваная лекцыя Андрэя Хадановіча пра творчасць Канстантыя Ільдэфанса Галчыньскага, на жаль, перанеслася. Але яна абавязкова адбудзецца, і каб дачакацца яе з карысцю мы рады прапанаваць вам 10 фактаў з жыцця Канстантыя Ільдэфанса Галчыньскага. Бо фантазёр і выдумшчык ён быў неверагодны.

  1. Тэксты свае заўжды пісаў пяром і заўжды зялёным атрамантам. А называў іх выключна “кавалкамі”: і вершы, і паэмы, і мініяцюры найменшага тэатрыка ў свеце “Зялёная гусь”. Зялёны колер паэт любіў надзвычайна, таму таксама прысвечаная бацьку кніга ўспамінаў дачкі паэта, Кіры Галчыньскай, носіць назву “Зялёны Канстанты”.
  1. Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі быў лунатыкам.
  1. А яшчэ Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі быў паліглотам. У 1914-1918 гадах ён жыў у Маскве, дзе вывучыў рускую мову. А яшчэ ведаў французcкую, англійскую, нямецкую, рускую, іспанскую, італьянскую, лаціну і старажытнагрэчаскую.
  1. На паседжанні літаратурнай суполкі ў Варшаўскім універсітэце К.І.Галчыньскі выступіў з рэфератам на тэму творчасці англійскага паэта XV стагоддзя Морыса Гордана Чытса. Прамова была бліскучая, тэкст змяшчаў падрабязную біяграфію паэта, аналіз яго творчасці ў кантэксце эпохі, шматлікія цытаты і дэталёвае апісанне бібліяграфічнага матэрыялу. Рэферат атрымаў найвышэйшую адзнаку. Толькі вось аніякага Чытса ніколі не існавала, усю яго багатую творчую спадчыну Галчыньскі выдумаў і ўмела стылізаваў у вольную хвіліну. Але пра гэта ўніверсітэцкая літаратурная суполка даведалася пазней.
  1. Літаратурную кар’еру Галчыньскага перапыніла служба ў войску. Спачатку ў варшаўскай Школе падхарунжых, але праз шэсць тыдняў у якасці пакарання свавольніка выслалі служыць шарагоўцам у Бярозу Картузскую. Здольнасці непрыстасаванага да турэмнага побыту хлопца заўважыў капрал, на замову якога неўзабаве Галчыньскі стаў пісаць доўгія любоўныя лісты.
  1. У міжваеннай Варшаве Галчыньскі быў каралевічам багемы. Пра тое, як ён на падпітку ездзіў па горадзе ў запрэжанай чацверыком коней шлюбнай карэце і разгульваў у лаўровым вянку, складалі легенды.
  1. У 1934-1936 гг. Галчыньскі з жонкай жылі ў віленскім раёне Зарэчча. Таму ў многіх яго вершах той пары можна адчуць магічную атмасферу старой Вільні і яе міцкевічаўскіх мясцін.
  1. Кіра Галчыньска згадвае такую размову з бацькам на тэму генеалогіі:
    – Кожны першынец у нашым родзе атрымліваў імя Канстанты і быў чыгуначнікам, – расказваў Галчыньскі.
    – Але што было да таго, як вынайшлі чыгунку? – пыталася я.
    – Яны служылі на дыліжансавых лініях, натуральна!
  1. Другую сусветную вайну сустрэў салдатам Корпуса аховы памежжа на ўсходніх межах Польшчы. Толькі адлічэнне з варшаўскай Школы падхарунжых уратавала яму жыццё. Затрыманыя савецкай арміяй польскія салдаты трапілі ў т.л. у Катынь, а шарагоўцы былі перададзеныя Германіі. Так Галчыньскі трапіў у шталаг Альтэнграбаў.
  1. Музей Канстантыя Ільдэфанса Галчыньскага месціцца ў старой леснічоўцы вёскі Пранне. У 1950-53 гг. сям’я Галчыньскіх любіла прыязджаць туды на лета, а сёння там можна ўбачыць асабістыя рэчы паэта, калекцыю карыкатур і самых розных зялёных гусей.

Творы К.І. Галчынскага, здымкі, рукапісы, аўдыёзапісы, біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі – на афіцыйным сайце паэта.

 Здымак Г.Германовіча, 1946, ©kigalczynski

from to
Scheduled Літаратура