УВАГА! Доступ да сённяшняга прагляду мастацкага фільма «Усё для маёй маці» (2019), рэж. Маўгажата Імельска:
https://vimeo.com/469454964
Пароль: IP_Wdmm_2310
Фільм даступны да прагляду да 23:00 24 кастрычніка (субота) 2020 г.
Ёсць магчымасць выбару якасці відэа і субцітраў на беларускай альбо рускай мове
Польскі інстытут у Мінску запрашае на новы цыкл сустрэч і кінапаказаў з серыі “Польскае кіно online” – “ЖАНРЫ І ІМЁНЫ”. Будзем знаёміць вас з сучасным польскім кіно і яго творцамі, паказваць новыя стужкі і задаваць пытанні аўтарам.
Першы вечар з цыкла мы прысвечаем такому жанру як драма. Прапануем вам паглядзець стужку рэжысёра Маўгажаты Імельскай “Усё для маёй маці” (2019), а таксама бліжэй пазнаёміцца з яе аўтаркай.
23 кастрычніка, а 18:00 запрашаем Вас на прамы эфір на старонцы Польскага Інстытута ў FB https://www.facebook.com/instytutpolski.wminsku/live з удзелам кінакрытыка Антона Сідарэнкі.
Адразу пасля эфіру мы апублікуем пароль для бясплатнага абмежаванага прагляду фільма “Усё для маёй маці” па спасылцы https://vimeo.com/469454964.
Фільм можна будзе паглядзець у арыгінале, а таксама з субцітрамі на беларускай альбо рускай мове. Пароль будзе даступны ў каментарах да эфіру, а таксама ў падзеі на FB і на сайце Польскага Інстытута.
“Усё для маёй маці” / “Wszystko dla mojej matki” (Польшча, 2019), 104 хв. Рэжысёр – Маўгажата Імельска
Гісторыя пра сталенне, адзіноту і пошук веры ў сябе ў рэаліях папраўчай установы для падлеткаў. Фільм апавядае пра дзяўчыну, якая знайшла ў сабе сілы выкрыкнуць сваю гісторыю. Актрыса Зоф’я Дамалік за ролю Олі атрымала ўзнагароду за «Прафесійны акцёрскі дэбют» на 44-м Фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні. Стужка таксама перамагла ў плебісцыце гледачоў 35-га Варшаўскага кінафестывалю ў катэгорыі ігравога кіно.
Малгажата Імельска нарадзілася ў Варшаве, кінаадукацыю атрымала за межамі сталіцы – спачатку ў Ягелонскім універсітэце (кіназнаўства), а затым на факультэце радыё і тэлебачання Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах. Як аўтар яна надзвычай універсальная. Дакументальнае кіно з’яўляецца дамінуючым у яе рэжысёрскай працы, але Маўгажата Імельска рабіла таксама спектаклі Тэатра тэлебачання, радыёспектаклі Польскага радыётэатра і нават тэлевізійныя серыялы.
Яна дэбютавала ў эпізодзе “Сілезскага альбома” – “Нікуды я адсюль не з’еду…” (1997), падрыхтаваным разам з Мацейкай Мазан. Іншы дакументальны фільм – “Бахор” (1998) – быў прысвечаны дзяўчыне з Цэнтра ўсынаўлення і апекі, якую спачатку не хацелі біялагічныя бацькі, а потым бацькі прыёмныя. Героямі “Кубікі з крыміналу” (1999) сталі трое зняволеных, якія ў рамках рэабілітацыйных мерапрыемстваў пачалі рабіць цацкі для дзяцей… Большасць дакументальных фільмаў Малгажаты Імельскай прысвечана часам Другой сусветнай вайны, перш за ўсё трагедыі Халакоста. Яны прынеслі ёй шмат прэстыжных узнагарод і адзнакаў: “Моладзь у Халакосце” (2001) была ўзнагароджана дыпломамі на Лодзінскім фестывалі СМІ “Чалавек у небяспецы” (2002) і Варшаўскім фестывалі фільмаў на габрэйскія сюжэты (2003), “Дзяцінства ў цені смерці” (2004) выйграў Першую прэмію на варшаўскім фестывалі, праз год “Скажы мне, чаму?” (2005) былі абсыпаны лаўрамі ў Х’юстане (Бронзавы Рэмі, 2007), Кракаве (Узнагарода прэзідэнта Польскай асацыяцыі кінематаграфістаў і прыз глядацкіх сімпатый, 2006), Гуанчжоу (адзнака, 2007), Варшаве (Прэмія Антонія Марыяновіча “Яўрэйскія матывы”, 2006) і Любліне (адзнака на “Скрыжаванні Еўропы”, 2007). Шчымлівы фільм “Выжыць у Афганістане” (2012) быў узнагароджаны “Залатой шабляй” на Міжнародным фестывалі гістарычных і ваенных фільмаў у Варшаве (2012), а таксама ўдзельнічаў у праграме Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».