10 лістапада а 18:00 на старонцы Польскага Інстытута ў Facebook адбудзецца прэзентацыя II тома сагі Анджэя Сапкоўскага “Вядзьмар. Меч наканавання”. Раман выйшаў у выдавецтве “Янушкевіч” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, на беларускую мову твор пераклала Кацярына Маціеўская.
У прэзентацыі прымуць удзел літаратуразнаўца і аўтар кнігі “Пачварнасць і крытыка. Даследаванні вядзьмарскага цыкла Анджэя Сапкоўскага” Пётр Жоландзь, перакладчыца Кацярына Маціеўская і рэдактарка беларускамоўнай серыі Ганна Янкута.
Удзельнікі сустрэчы, сярод іншага, паспрабуюць даць адказы на пытанні пра тое, як сага была ўспрынятая польскім чытачом, пра месца Сапкоўскага і яго працы ў польскай і сусветнай літаратуры, пра ролю, якую адыгрывае ў творы фальклор, пра паходжанне і аўтарскую інтэрпрэтацыю казачных сюжэтаў. Ці з’яўляецца Вядзьмар добрым героем у часы крызісу? Што адрознівае беларускі пераклад рамана? Адказы на гэтыя пытанні і яшчэ шмат цікавых фактаў пра Анджэя Сапкоўскага і яго легендарны твор – у размове нашых гасцей.
Прэзентацыя праходзіць у рамках цыкла “Месяц польскай літаратуры ‘2020”.
Анджэй Сапкоўскі – польскі пісьменнік-фантаст. Стваральнік Ведзьмара як персанажа. З усіх польскіх фантастаў пасля твораў Станіслава Лема менавіта раманы Сапкоўскага найчасцей перакладаюцца на замежныя мовы.
Анджэй Сапкоўскі нарадзіўся і жыве ў горадзе Лодзь. З 9 ліпеня 2008 года з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам горада. Скончыў Лодзінскі ўніверсітэт, эканаміст па адукацыі і доўгі час працаваў ў сферы знешняга гандлю.
Літаратурную кар’еру пачынаў як перакладчык. Як аўтар фантастыкі дэбютаваў у 1986 годзе на старонках часопіса “Фантастыка” апавяданнем “Вядзьмар”, якое паклала пачатак цыклу раманаў пра белавалосага змагара з пачварамі, Геральта з Рывіі.
Сага Сапкоўскага прызнана крытыкай літаратурным феноменам дзевяностых; кожны з яе тамоў займае самыя высокія месцы ў спісах бестсэлераў.
Яго кнігі былі перакладзеныя амаль на дваццаць моў. Анджэй Сапкоўскі з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх польскіх і замежных літаратурных прэмій.
На аснове яго раманаў былі створаны: комікс “Вядзьмар” (6 сшыткаў, 1993-1995 гг.), поўнаметражны фільм і тэлесерыял “Вядзьмар”, ролевая гульня “Вядзьмар: Гульня ўяўлення” і картачная гульня. Паводле вядзьмарскага цыкла была створана серыя камп’ютарных RPG-гульняў, выпушчаная варшаўскай студыяй CD projekt RED. У 2017 г. у Музычным Тэатры імя Дануты Бадушковай у Гдыні адбылася прэм’ера мюзікла “Вядзьмар” на аснове апавяданняў Сапкоўскага. У 2019 г. адбылася прэм’ера знятага Netflix серыяла “Вядзьмар”, заснаванага на прозе Сапкоўскага (сам аўтар выступіў крэатыўным кансультантам).