Працяг рамана, які і І том, выдадзены ў выдавецтве “Янушкевіч” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Над перакладам працавалі Марыя Пушкіна, якая возьме ўдзел у сустрэчы, і Алена Пятровіч. Мадэратарка прэзентацыі – рэдактарка серыі Марына Шода.
Трансляцыя сустрэчы – 17 лістапада а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута.
Яраслаў Гжэндовіч нарадзіўся ў 1965 годзе ў Вроцлаве.
У чатырохгадовым узросце хацеў стаць кіроўцам смеццявоза. Пазней, пасля цудоўных вакацый у леснічоўцы, – лесніком, які піша фантастыку. Хацеў быць як Тоні Халік, Томэк Вільмоўскі, Жак-Іў Кусто і Сайман Тэмплар, але адначасова і пісьменнікам-фантастам. У наступныя дзесяць гадоў хацеў стаць біёлагам і фантастам. З усіх юнацкіх намераў яму ўдалося рэалізаваць толькі адзін. А можа ажно адзін?
Цяпер Яраслаў Гжэндовіч – польскі пісьменнік-фантаст, журналіст, літаратурны крытык, выдавец і перакладчык, адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў польскай фантастыкі “пакалення 80-х”.
Яго пісьменніцкі дэбют адбыўся ў 1982 годзе апавяданнем “Azyl dla starych pilotów” (“Прытулак для старых пілотаў”), у гэтым жа годзе з’явілася апавяданне “Twierdza Trzech Studni” (“Крэпасць трох калодзежаў”), якое, на думку многіх крытыкаў, з’яўляецца першым польскім апавяданнем у жанры фэнтэзі. Ужо ў ім вызначыўся асноўны творчы метад пісьменніка-пачаткоўца – арганічны сінтэз двух жанравых напрамкаў, навуковай фантастыкі і фэнтэзі, які пазней стаў характэрны для ўсёй польскай фантастыкі ў цэлым.
Быў адным з заснавальнікаў і рэдактарам часопіса “Фенікс”, пісаў фельетоны, перакладаў коміксы.
Прафесійная пісьменніцкая кар’ера Гжэндовіча пачалася ў 2003 разам з выхадам зборніка апавяданняў “Księga jesiennych demonów” (“Кніга восеньскіх дэманаў”), які атрымаў захопленыя водгукі чытачоў.
Збіральнік фантастычных трафеяў – атрымаў прэмію “Śląkfа”, двойчы “Sfinks” і тройчы прэмію ім. Януша А. Зайдэля.
Найбольш вядомы чытачам як аўтар рамана ў чатырох тамах “Гаспадар Ледзянога Саду” (выдавецтва “Фабрыка слоў” 2005, 2007, 2009, 2012).
Галоўны герой раманаў – Вука Дракайнен – павінен знайсці і выратаваць навукоўцаў, якія зніклі на планеце Мідгаард – магічным свеце, напоўненым непадобных да людзей істотамі. Як высветліцца пазней, яны зусім не патрабавалі ратунку. Дзякуючы сваім ведам яны становяцца багамі ў гэтым свеце, а заваяваную ўладу не збіраюцца аддаваць без бою.