Падчас апошняй у гэтым годзе сустрэчы з цыклу “Санаторый пад клепсідрай” гаворка пойдзе пра светлае свята Божага Нараджэння і традыцыі каляднай паэзіі ў польскай літаратуры. Беларускія перакладчыкі згадаюць улюбёных польскіх лірыкаў і пакажуць іх вершы з матывамі Віфлеемскай зоркі, біблейскіх магаў Бальтазара, Каспара і Мельхіёра, анёлаў і пастухоў, жывёлы і ясляў – і ўсяго, без чаго немагчыма ўявіць сабе добрую калядную паэзію.
Паэты і перакладчыкі разам паразважаюць над пытаннямі, чаму існуе Раство, што робіцца перад тым, як запальваецца ялінка, якіх цудаў чакаць ад каляднай пошты і дзеля чаго неабходна выправіцца ў вандроўку.
Вы пачуеце вершы Баляслава Лесьмяна, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Станіслава Ежы Леца, Чэслава Мілаша, Кшыштафа Каміля Бачыньскага, Тадэвуша Гайцы, Тадэвуша Бароўскага, Станіслава Бараньчака, Яна Твардоўскага, Рышарда Крыніцкага і некаторых іншых.
У вечарыне прымуць удзел перакладчыцы Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч і Кацярына Маціеўская. Мадэратар – Андрэй Хадановіч.
Запрашаем на прамы эфір у аўторак 22 снежня а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку
Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і паказвае цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.