6.01.2021 - 12.01.2021 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн для малодшых чытачоў

Гэтым разам Бібліятэка анлайн прапануе падборку адукацыйных і забаўляльных сайтаў для самых маленькіх чытачоў, але, вядома, запрашаем таксама старэйшых братоў і сястрычак, бацькоў, бабуль, дзядуль і настаўнікаў. Кацянятам, сабакам і папугайчыкам таксама будзем рады.

Вялікі партал MiastoDzieci.pl быў створаны мамамі для саміх сябе, бо ў пэўны момант было цяжка знайсці ў адным месцы інфармацыю пра тое, куды можна пайсці з дзецьмі і ў што гуляць. Партал штодня збірае падзеі (у тым ліку і анлайн), гульні, забавы, натхняльныя спасылкі. Ёсць рэкламныя аб’явы, але шмат таксама бясплатных забаў для дзяцей і бацькоў: размалёўкі, гульні, песні, казкі (пачытаць, паслухаць, паглядзець), загадкі, віктарыны, майстар-класы, рэцэпты, ідэі для прагулак, а таксама прагулкі віртуальныя, артыкулы па псіхалогіі і педагогіцы, парады дыетолага і г.д.

Усім радыёаматарам мы рэкамендуем сайт Польскага радыё дзецям (але насамрэч старонка адрасаваная бацькам таксама): казкі, адукацыйныя праграмы (“Рытміка”, “Маленькія навукоўцы”, “Майстэрня маленькага мастака”), культура (“Клуб кнігаманьяка”), музыка, забавы, падарожжы.

Маленькія навукоўцы, праграма Польскага радыё дзецям,
здымак –  https://www.polskieradio.pl/18,Polskie-Radio-Dzieciom.

Сервіс Bajkowisko.pl прапануе мноства запісаў і аўдыёкніг для дзяцей. На сайце можна бясплатна праслухаць тры казкі, астатнія даступныя па падпісцы і на канале YouTube (цудоўна атрымаўся “Шчаўкунок”).

Старонка SuperKid.pl – гэта свайго кшталту “скрынка інструментаў”, па якія бацькі могуць звярнуцца ў выпадку неабходнасці і падабраць для дзіцяці штосьці адпаведнае: гульні і практыкаванні для дашкольнікаў і і школьнікаў: матэрыялы з малюнкамі, выцінанкі, матэрыялы для малявання і вывучэння літар, лічбаў, чытання і пісання, вершы, казкі, апавяданні, коміксы, настольныя гульні, вывучэнне замежных моў, лагапедычныя практыкаванні.

Адукацыйны канал „Nauka dla Dzieci” прапануе відэа для вывучэння першых слоў польскай мовы для гадавалых, двухгадовых, трохгадовых і старэйшых дзяцей і нават дарослых, у залежнасці ад мэты навучання.

Таксама нагадваем, што на старонцы wolnelektury.pl вы можаце знайсці казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена (у тым ліку любімыя многімі “Дзяўчынка з запалкамі”, “Дзюймовачка” і “Снежная каралева”), творы даступныя ў выглядзе электронных кніг і аўдыёкніг. Ёсць таксама казкі братоў Грым – “Папялушка”, “Чырвоная Шапачка” і менш вядомая ў нас, але надзвычай папулярная ў Польшчы казка “Ясь і Малгося” (“Гензель і Грэтэль”). Скачаць можна і электронную кнігу, і аўдыёкнігу. Для крыху старэйшых чытачоў мы прапануем “Прыгоды Тома Соера” Марка Твэна і “Кнігу джунгляў” Рэд’ярда Кіплінга.

Вялікую калекцыю дзіцячых мультфільмаў мае сэрвіс Ninateka.pl, рэкамендуем звярнуць увагу на класічныя казкі і, напрыклад, на “Касперыяду” паводле знакамітай кніжнай серыі Гжэгажа Касдэпке.

Варта таксама час ад часу правяраць інтэрнэт-кнігарні (legimi.pl, woblink.pl, publio.pl), бо ў іх ёсць раздзелы з бясплатнымі выданнямі, дзе можна знайсці цікавыя рэчы. Усё яшчэ актуальным застаецца дапаможнік для дзяцей і бацькоў з ілюстрацыямі Акселя Шэфлера і рэкамендацыямі педыятраў-імунолагаў пад назвай “Каранавірус”. Або “Self-regulation. Куба, Ленка і каранцін: пра тое, як дзейнічаць, калі эмоцыі бяруць верх”.

Каранавірус. Кніга для дзяцей.
Здымак –– www.publio.pl

 На старонцы Przedszkouczek.pl сабраныя сцэнары заняткаў і дыдактычная дапамога на кожны дзень, ёсць платныя матэрыялы, але ёсць таксама даволі шмат бясплатных матэрыялаў, даступных пасля рэгістрацыі на сайце: сцэнар заняткаў „Што такое снег?” ці ўсе матэрыялы пад закладкай „Inspiracje” („Зімовыя забавы”). Там вы можаце знайсці спасылкі для заняткаў на самыя розныя тэмы: апавяданні, вершы, песні, матэматычныя, лагічныя, актыўныя гульні, кадаванне, гульні на англійскай мове, навучальныя дапаможнікі, працоўныя карткі, гульні, галаваломкі, малюнкі, а таксама размалёўкі.

Старонка DomowyPrzedszkolak.pl прапануе бясплатна спампаваць і раздрукаваць гульні для дзяцей: размалёўкі, пазлы, вершыкі, песні, лабірынты, паштоўкі, сцяжкі, практыкаванні, а таксама відэа, бясплатныя анлайн-гульні. Матэрыялы на гэтым сайце могуць выкарыстоўваць настаўнікі, а таксама бацькі.

Выхавальніца дзіцячага садка і неўралагапедка Моніка Сабковяк ужо шмат гадоў вядзе блог, поўны натхняльных ідэй для заняткаў з дашкольнікамі. Ёсць платныя матэрыялы, але ёсць і бясплатныя – пазнаёміцца з настроем старонкі можна праз “Гігапачак дашкольніка”. Рэкамендуем таксама допісы ў блогу, напрыклад, “Прывітанне ў дзіцячым садку – класічныя і пандэмічныя”. Таму што добрае (нават пандэмічнае) прывітанне гарантуе ўсмешку на цэлы дзень.

from to
Scheduled Літаратура Падзея

Фільм “Бачыньскі” (Польшча, 2013) 🗓

Паказ у рамках святкавання Года Бачыньскага
15 01.2021 Гісторыя, Кіно, Літаратура, Навіны

“Дай, я памялю, а ты адпачывай” 🗓

На пачатку новага года Бібліятэка анлайн згадвае, з чаго пачыналася польскае пісьменства.
13 01.2021 19 01.2021 Літаратура, Падзея