“Бачыньскі” (Польшча, 2013) – гэта паэтычна-біяграфічны фільм, прысвечаны жыццю і творчасці славутага польскага паэта Кшыштафа Каміля Бачыньскага. Твор рэжысёра Конрада Піваварскага не ўпісваецца ў вядомы падзел на жанры, у канон успрыняцця кінематаграфіі. Гэты фільм загадкавы і неадназначны, як паэзія і жыццё Кшыштафа Каміля Бачыньскага. Кожны ўспрыме яго па-свойму, патлумачыць па-свойму, у кожнага будуць свае разважанні, адчуванні. З аднаго боку, гэта аповед пра паэта і яго ўспрыманне рэальнасці, пра неабходнасць падвяргаць сябе смяротнаму выпрабаванню, каб спраўдзіцца і каб ствараць. З іншага боку, фільм нагадвае аб бессэнсоўнасць вайны і пазачасавасць, бессмяротнасць мастацтва. Падарожжа праз апошнія гады жыцця вялікага паэта завяршае сучасная падзея – паэтычны слэм, зладжаны ў дзевяностую гадавіну з дня нараджэння Бачынскага. Аповед фільма ўтвараюць вершы паэта, апавяданні відавочцаў даўніх падзей, якія ведалі Бачыньскага асабіста, і выказванні маладых людзей, захопленых яго творчасцю.
“Бачыньскі” – першая спроба фільма адказаць на пытанні пра Кшыштафа Каміля Бачыньскага. Якім ён быў чалавекам? Што ў яго жыцці значылі каханне, адчужэнне, вайна і акупацыя? Што натхняла яго, пад уплывам якіх падзей ён пісаў і чаму загінуў у такім маладым веку?
Фільм выйшаў на экраны ў 2013 годзе. Сёлетні паказ прымеркаваны да стагоддзя з дня нараджэння паэта і абвяшчэння Сеймам Рэспублікі Польшча 2021 года годам Кшыштафа Каміля Бачыньскага. “У знак прызнання яго заслуг перад польскім мастацтвам, польскай незалежнасцю і польскай культурай, у сотую гадавіну з дня нараджэння”.
Сцэнарыст, рэжысёр – Конрад Піваварскі
Сцэнаграфія – Анна Вундэрліх
Кампазітар – Барташ Хайдэцкі
Аператар – Пётр Немыйскі
Прадусары – Тадэвуш Лямпка, Станіслаў Шыманьскі
Спецыяльная песня для фільма – “Czesław Śpiewa” і Мэля Катэлюк
У галоўных ролях: Матэвуш Касцюкевіч, Катажына Завадзка, Эва Тэлега, Марта Клюбовіч
Запрашаем таксама да знаёмства з жыццём і творчасцю Кшыштафа Бачыньскага па матэрыялах Польскага Інстытута ў Мінску. У адкрытым доступе знаходзіцца запіс прысвечанай К.К. Бачыньскаму сустрэчы з цыкла “Санаторый пад клепсідрай” і адзін з выпускаў Бібліятэкі анлайн.