Вучыцца можна цягам усяго жыцця, а пандэмічныя часы значна спрасцілі гэты працэс. Бібліятэка анлайн заўважыла, што колькасць бясплатных анлайн-курсаў на польскай мове ўсё павялічваецца, а таму мы спяшаемся падзяліцца спасылкамі. Хай маразы будуць поўныя адкрыццяў!
Copernicus College – гэта заснаваная ў 2014 годзе першая польская цалкам бясплатная адукацыйная платформа, якая дазваляе ўдзельнічаць у масавых адкрытых анлайн-курсах, гасцявых лекцыях і чытаць электронныя падручнікі. Платформа працуе пад эгідай Фонду Цэнтра Каперніка і Ягелонскага ўніверсітэта. Платформай можна карыстацца абсалютна бясплатна, патрэбныя толькі рэгістрацыя і прыняцце правілаў. Якія тэмы? Культуразнаўства, астраномія, псіхалогія, філасофія і многія іншыя.
Польскае агенцтва развіцця прадпрымальніцтва (Polska Agencja Rozwoju Przedsiębiorczości) прапануе бясплатныя анлайн-курсы на польскай мове з сертыфікатам. Тэмы курсаў: мяккія навыкі, маркетынг, фінансы, права і кіраванне. Бясплатныя анлайн-курсы, прапанаваныя парталам, заканчаюцца атрыманнем прывабнага сертыфіката. Польскае агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва з’яўляецца дзяржаўнай установай, якая падтрымлівае малы і сярэдні бізнес і рэалізуе праекты, фінансаваныя Еўрапейскім Саюзам, дзяржаўным бюджэтам і іншымі міжнароднымі фондамі.
Анлайн-платформа Navoica збірае бясплатныя анлайн-курсы, прапанаваныя польскімі ўніверсітэтамі і іншымі арганізацыямі. Курсы праводзяцца на польскай і некаторых замежных мовах. Каб прыняць удзел у электронным курсе, карыстальнікі павінны толькі зарэгістравацца і запісацца на абраны анлайн-курс. Каталог курсаў дынамічны і вар’іруецца з месяца ў месяц, таму варта правяраць старонку, каб не прапусціць запіс на канкрэтны курс. Тэматычныя катэгорыі: замежныя мовы, бізнес навучанне, гуманітарныя камп’ютэрныя, дакладныя, прыродазнаўчыя, сацыяльныя і тэхнічныя навукі, кіраванне і эканоміка.
Internetowe Rewolucje – гэта бясплатныя анлайн-курсы на польскай мове з сертыфікатам ад Google. Тэматыка курсаў прысвечана тым, хто хоча пашырыць свае лічбавыя кампетэнцыі ў галіне электроннага маркетынгу, камп’ютэрных тэхналогій і мяккіх навыкаў.
Платформа Khan Academy з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй. Яе місія – забяспечваць для ўсіх, паўсюль і заўсёды доступ да бясплатнай адукацыі на высокім узроўні. Khan Academy прадастаўляе навучальныя матэрыялы ўсім жадаючым атрымаць веды. Партал адрасаваны, у першую чаргу, вучням. Навучальныя курсы і кантэнт, прадстаўленыя на платформе, ахопліваюць школьныя прадметы і пытанні, прадугледжаныя праграмай навучання пачатковай і сярэдняй школы. Гэта, сярод іншага, матэматыка, гуманітарныя і дакладныя навукі.
Kursodrom.pl – гэта бясплатная платформа электроннага навучання, якая прапануе неабмежаваны доступ да адукацыйных рэсурсаў, звязаных з кіраваннем і паўсядзённай дзейнасцю НДА. Цікавыя матэрыялы могуць знайсці тут таксама асобы, звязаныя з іншымі сферамі дзейнасці – многія пытанні ўніверсальныя і вартыя шырокай увагі (Як абараніць сябе ад вірусаў, Новыя тэхналогіі ў працы фандрайзера, Уменні міжасобасных зносін).
Fundacja Aktywizacja – няўрадавая арганізацыя, якая займаецца актывізацыяй і адукацыяй людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аднак створаная фондам платформа прызначана для ўсіх, хто зацікаўлены навучаннем.
Адна з найбуйнейшых платформаў, дзе вы можаце знайсці бясплатныя анлайн-курсы на розных мовах (у тым ліку і на польскай) – гэта Udemy.com, на платформе ёсць таксама вялікі выбар платных курсаў, якія можна купіць за невялікія грошы. Настаўнікам у Udemy можа стаць кожны, хто валодае грунтоўнымі ведамі і адпавядае патрабаванням платформы. Кожны курс ацэньваецца ўдзельнікамі, таму вы можаце хутка адфільтраваць найлепшыя курсы па тэме або моўным блоку. Варта звярнуць увагу на такія тэматычныя катэгорыі, як “Стыль жыцця” і “Музыка”.
Дык няхай жа пачнецца прыгода з электронным навучаннем!