12.02.2021 - 11.03.2021 ВІРТУАЛЬНАЯ ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА, Мастацтва, Падзея

Пробліскі гісторыі. Карціны Леапольда Бучкоўскага

Шаноўнае спадарства!

Сардэчна запрашаем да заёмства з  чарговай віртуальнай выставай “Пробліскі гісторыі. Карціны Леапольда Бучкоўскага, арганізаванай Польскім Інстытутам у Мінску ў супрацоўніцтве з Музеем мастацтва ў Лодзі. Экспазіцыя прадстаўляе творчасць польскага пісьменніка, мастака, фатографа і скульптара Леапольда Бучкоўскага, псеўданім Павел Макутра (15.11.1905, Накваша, Львоўская воб. – 27.04.1989, Варшава).
Гэта чарговая мастацкая выстава ў Віртуальнай галерэі мастацтва” на сайце Польскага Інстытута ў Мінску. У рамках праекта мы знаёмім Вас з выдатнымі творцамі польскага сучаснага жывапісу, графікі і фатаграфіі.
ЗАПРАШАЕМ НА ВЫСТАВУ!

РЫСУНКІ З ПАДОЛЛЯ, 30-я гады ХХ стагоддзя.

Фотаздымкі Падолля, 30-я гады ХХ стагоддзя

Ваенныя рысункі з Падолля, 40-я гады ХХ стагоддзя

БЕЗ НАЗВЫ, з цыклу: Працы на ваенную тэматыку 1941-1945 гг.

Гістарычныя зарысоўкі

АБСТРАКЦЫІ

ESEJ: Paweł Polit. “Przebłyski historii. Obrazy Leopolda Buczkowskiego”

Пробліскі гісторыі.
Карціны Леапольда Бучкоўскага

выбар прац: Павел Політ / Paweł Polit

Леапольд Бучкоўскі вядомы ў першую чаргу як пісьменнік, аўтар наватарскіх літаратурных твораў, у тым ліку раманаў “Чорны паток” (1954), “Дарычны клуатр” (1957), “Першая раскоша” (1966), “Своечасовая прыгажосць” (1970), “Афіцэр на вячэрні” (1975), “Камень у пялюшках” (1978). Яго проза характарызуецца тэндэнцыяй да спалучэння фрагментаў апавяданняў у калажнай форме; крытыкі падкрэсліваюць дакументальнае вымярэнне яго літаратурных твораў, звяртаюць увагу на выкарыстанне ім паэтыкі кінасцэнарыя. Структурныя ўласцівасці твораў Бучкоўскага звязаны з развагамі пра гісторыю, якая разумеецца як поле барацьбы нястрымных і разбуральных сіл – працэсаў з іх непрадказальным ходам і наступствамі.

Мастацкая творчасць Леапольда Бучкоўскага менш вядомая. Яна характарызуецца велізарнай тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю, а таксама вынаходлівасцю ў выбары і спалучэнні метадаў. Бучкоўскі-мастак выкарыстоўвае малюнкі, фатаграфію, графічную, алейную і водную тэхнікі, калаж; у пазнейшы перыяд творчасці ён надае сваім уяўленням прасторавы характар, фарміруючы асамбляжы (прасторавыя калажы) і скульптуры. Створаныя Бучкоўскім карціны маюць фрагментарны характар, яны нібы вырваныя з ракурсу канкрэтных наратываў. Часам яны ў прамым сэнсе з’яўляюцца ілюстрацыямі да ўласных літаратурных твораў альбо твораў іншых аўтараў.

Дадзеная прэзентацыя ўключае ў сябе падборку прац з шырокай мастацкай спадчыны Леапольда Бучкоўскага. Яго малюнкі і фотаздымкі з 1930-х гадоў паказваюць шматкультурную рэчаіснасць Падолля 1930-х гадоў. Малюнкі 1940-х гадоў з’яўляюцца запісам разбурэння гэтага свету, набліжаюць атмасферу жаху ваенных абставінаў. Творы гратэскнага характару паказваюць, як у крывым люстэрку, парадоксы сучаснай гісторыі. Калекцыю абстрактных карцін Бучкоўскага можна лічыць эквівалентам яго эксперыментаў у прозе.

Фармальная і тэматычная разнастайнасць яго творчасці служыць для стварэння спецыфічнай інвентарызацыі сістэм рэпрэзентацыі, якія склаліся ў культуры. Яго літаратурная і мастацкая дзейнасць, як пісала Агнешка Карповіч, з’яўляецца своеасаблівым музеем, які змяшчае “шэраг карцін, тэатральных, літаратурных і гістарычных сцэн, якія “вісяць на сценах”[…] прадстаўленага свету”.

Прадстаўленыя працы паходзяць з калекцыі Музея мастацтва ў Лодзі, які ў 2019 і 2020 гадах набыў або атрымаў у падарунак ад спадкаемцаў мастака больш за паўтысячы прац Леапольда Бучкоўскага. У 2021 годзе ў Музеі мастацтва плануецца вялікая выстава, якая прадставіць яго мастацкую спадчыну.

from to
Scheduled ВІРТУАЛЬНАЯ ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА Мастацтва Падзея