23.02.2021 Літаратура, Падзея

Славамір Мрожак. П’есы і апавяданні

23 лютага адбудзецца чарговая сустрэча з цыкла “Санаторый пад клепсідрай”, якая будзе прысвечана творчасці Славаміра Мрожака (1930-2013) – аднаго з найбуйнейшых і самых знакамітых у свеце польскіх літаратараў ХХ ст.

  • Асноўныя тэмы размовы:
  • Жыццё і творчы шлях Славаміра Мрожака.
  • Ад карыкатуры і журналістыкі да прозы і драматургіі.
  • Ці можна быць свабодным творцам у несвабоднай краіне?
  • Крах сацыялістычных ілюзіяў: аўтар як “разбітае люстэрка скалечанай рэальнасці”.
  •  “Шызафрэнічны” свет, дзе слова і рэч разышліся канчаткова.
  • Традыцыі гумарыстычнай літаратуры ў апавяданнях пісьменніка.
  • П’есы Мрожака – польская версія еўрапейскага “тэатра абсурду”.
  • Тэма страху перад уладай і ператварэнне героя ў марыянетку.
  • Правінцыйны герой у Вялікім Свеце.
  • Парадокс і гратэск у паэтыцы аўтара.
  • Мрожак як сатырык ды іронік, авангардыст і постмадэрніст.
  • Тэксты класіка як вечная крыніца цытатаў і мемаў.
  • Беларускія пераклады Мрожака.
  • П’есы драматурга на польскай і беларускай сцэне.

Госці – Марына Шода, перакладчыца, і  Вячаслаў Ракіцкі, беларускі пісьменнік, мастацтвазнавец, тэатральны і кінакрытык, сцэнарыст і рэжысёр дакументальнага кіно, перакладчык, журналіст.

Мадэратар Андрэй Хадановіч.

Прамы эфір у аўторак 23 лютага а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку

(с) fot. GettyImages

Sławomir Mrożek / www.commons.wikimedia.org,

Славамір Мрожак нарадзіўся 29 чэрвеня 1930 года ў Бажэнціне, быў адным з трох дзяцей ў сям’і Мрожакаў. Вучыўся ў Кракаўскім ліцэі імя Навадворскага.

Дэбютаваў у 1950 ў якасці карыкатурыста, з 1953 г. публікаваў цыклы малюнкаў у часопісе “Przekrój. Выдадзеныя ў гэтым жа годзе зборнікі апавяданняў –  “Апавяданні з Чмялінай гары” і “Практычныя паўпанцыры” – сталі яго літаратурным дэбютам. У 1956-1958 гадах вёў у “Літаратурным жыцці” рубрыку сатырычных тэкстаў “Прагрэсіст”.

Яго першай тэатральнай п’есай была драма “Паліцыя”, выдадзеная ў 1958. Драма “Танга” (1964) прынесла Мрожаку сусветную вядомасць.

У 1963 ён эміграваў. У наступныя гады жыў у Францыі (у Парыжы), потым у ЗША, Германіі, Італіі і Мексіцы. У 1968 годзе на старонках французскай прэсы апублікаваў ліст з пратэстам супраць умяшання войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію, а ў снежні 1981 года пратэставаў супраць увядзення ваеннага становішча.

У 1996 годзе ён вярнуўся ў Польшчу. У 2002 годзе перанёс інсульт, вынікам якога стала афазія – ён страціў магчымасць карыстацца як вуснай, так і пісьмовай мовай. Дзякуючы тэрапіі, якая працягвалася каля трох гадоў, ён аднавіў здольнасць пісаць і гаварыць. Вынікам барацьбы з хваробай стала яго аўтабіяграфія.

6 траўня 2008 года Славамір Мрожак абвясціў, што зноў пакіне радзіму, каб пасяліцца ў Ніцы на поўдні Францыі, з увагі на лепшы для яго здароўя клімат. З Польшчы ён выехаў роўна праз месяц.

Ён памёр раніцай 15 жніўня 2013 года ў шпіталі ў Ніцы. Яго прах быў пахаваны ў Нацыянальным пантэоне ў Кракаве.

Славамір Мрожак з’яўляецца аўтарам шматлікіх апавяданняў (зборнікі: “Апавяданні з Чмялінай гары”, ”Практычныя паўпанцыры”, “Слон”, “Вяселле ў Атаміцах”, “Дождж”, “Два лісты і іншыя апавяданні”, “Апавяданні, “Даносы”, “Спячая прыгажуня”, “Вада”, “Апошні гусар”, “Сшытак”), п’ес ( у тым ліку, “Паліцыя”,”Пакутніцтва Пятра Ахея”, “Індык”, “У адкрытым моры”, “Караль”, “Стрыптыз”, “Кінолаг у разладзе”, “Танга”, “Эмігранты”, “Пасол”, “Каханне ў Крыме”), а таксама раманаў (“Маленькае лета”, “Уцёкі на поўдзень”), фельетонаў (зборнікі “Маленькія лісты”, “Дзённік вяртання”), сцэнарыяў фільмаў (“Востраў руж”, “Амур”, “Вяртанне”).

Творчасць Мрожака характарызуецца іранічна-парадысцкім спосабам адлюстравання рэчаіснасці. Пісьменнік высмейвае сканструяваныя спосабы паводзін, самі паводзіны чалавека, якія ўзнікаюць са звычкі  “бо так ужо склалася”. Адсутнасць разважанняў пра сапраўднае і каштоўнае прыводзіць да бессэнсоўнага паўтору пустых формаў.

Мрожак набыў славу выдатнага назіральніка і выкрывальніка стэрэатыпаў. З дапамогай гратэску ён паказваў парадоксы паўсядзённага жыцця, руціну паводзін, падпарадкаваную палітычнай прапагандзе, і паўсюднае выкарыстанне банальнасцей.


“Санаторый пад клепсідрай”: анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску

“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Scheduled Літаратура Падзея