27.05.2021 Музыка, Падзея

Канцэрт да 30-годдзя Вышаградскай групы

27 траўня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт “QUADRIVIUM: чатыры шляхі” у якім будзе гучаць музыка чатырох еўрапейскіх краінПольшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі з нагоды 30-годдзя Вышаградскай групы і старшынства Польшчы ў групе V4 у перыяд ад ліпеня 2020 г. да чэрвеня 2021 года.

Прэзентаваныя ў праграме канцэрта “QUADRIVIUM: чатыры шляхі” творы напісаны ў розныя гады XX стагоддзя, але пры гэтым належаць да адной вобласці мастацкіх ідэй – «рэстаўратарскай». Да яе ставяцца кірункі, якія адраджаюць прынцыпы старых стыляў (барока, класіцызму, фальклорнай хвалі) на новым культурным грунце.
Менавіта гэтыя кірункі, што атрымалі пазней прыстаўку «неа» у назве, асабліва імпэтна асвойвалі кампазітары Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

У праграме:

Польшча
В.Кіляр – “Orawa” для камернага аркестра (1986)
Г.Вяняўскі – “Легенда”, ор.17
– Канцэртны паланэз для скрыпкі і камернага аркестра, ор.4

Чэхія
Б.Марціну – Канцэрт для клавесіна з аркестрам, H.246 (1935)

Славакія
П.Брайнер – Beatles Concerto Grosso No. 4 (1992)

Венгрыя
Б.Бартак – «Дывертысмент» для струннага аркестра, фінал (1939)

Выканаўцы:
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны камерны аркестр
Галоўны дырыжор – заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў

Салісты –
Павел Бацян
Алег Подаў
Кацярына Мішчанчук
скрыпка
Мікалай Кісялёў віяланчэль
Марына Рамейка клавесін

Дырыжор – Юрый КАРАВАЕЎ

30 гадоў таму, 15 лютага 1991 года, прэзідэнты Польшчы і Чэхіі і прэм’ер-міністр Венгрыі падпісалі ў замку ў Вышаградзе ў Венгрыі Дэкларацыю аб супрацоўніцтве Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікі, Рэспублікі Польшчы і Венгерскай Рэспублікі.

Такім чынам была створана Вышаградская група – новы фармат рэгіянальнага супрацоўніцтва ў Цэнтральнай Еўропе. У гэты дзень у Вышаградзе (Венгрыя) прайшоў першы саміт высокага ўзроўню будучай Групы V4. Вышаград – сімвалічны горад, дзе двойчы, у 1335 і 1338 гадах, трое ўладароў сустракаліся, каб абмеркаваць міждзяржаўныя адносіны. 
Такі важны юбілей Вышаградскай групы прыпадае на перыяд польскага старшынства ў Групе, якое працягваецца з ліпеня 2020 года да чэрвеня 2021 года.

Зыходзячы з універсальных гуманістычных каштоўнасцей як найважнейшага элемента еўрапейскай спадчыны і абапіраючыся на ўласную нацыянальную ідэнтычнасць, неабходна стварыць грамадства людзей, гарманічных ва ўзаемадзеянні адно з адным, талерантных у адносінах адно да аднаго, да асобных сем’яў, лакальных, рэгіянальных і нацыянальных суполак, свабодных ад нянавісці, нацыяналізму, ксенафобіі або суседскіх звад.
(Вышаградская дэкларацыя)

Вышаград – сімвалічны горад, дзе двойчы, у 1335 і 1338 гадах, трое ўладароў сустракаліся, каб абмеркаваць міждзяржаўныя адносіны. 
Сёння дзяржавы Вышаградскай групы па-ранейшаму аб’ядноўвае акрамя сяброўства і добрасуседства таксама ўсведамленне аналагічных сацыяльных і эканамічных праблем, разуменне каштоўнасці рэгіянальнай салідарнасці, а таксама актыўнае супрацоўніцтва ў галіне культуры.

Scheduled Музыка Падзея