У Цэнтральная навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі падрыхтавана кніжная выстава “Шматгранны Лем”.
100 гадоў з дня нараджэння выбітнага польскага пісьменніка, класіка навуковай фантастыкі СТАНІСЛАВА ЛЕМА (1921–2006) спаўняецца 12 верасня. У Польшчы 2021 год аб’яўлены Годам Станіслава Лема. Выстава “Шматгранны Лем” – сумесная ініцыятыва Польскага Інстутута ў Мінску і ЦНБ НАН Беларусі.
На выставе можна убачыць выданні амаль усіх значных твораў Лема. Сярод экспанатаў – навукова-фантастычныя раманы “Эдэм”, “Салярыс”, “Вяртанне з зорак”, “Непераможны”, “Футуралагічны кангрэс”, зборнікі “Прыгоды Піркса”, “Зорныя дзеннікі Іёна Ціхага” “Казкі робатаў”, “Кіберыяда”, аўтабіяграфічная кніга “Высокі замак”. Значнае месца ў экспазіцыі займаюць філасофскія і навуковыя працы Лема, ягоныя літаратуразнаўчыя даследаванні, публіцыстыка, эсэістыка: футуралагічны трактат “Сума тэхналогіі”, зборнік літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Мой погляд на літаратуру”, кніга ”Так казаў… Лем”, якая ўключае інтэрв’ю і размовы пісьменніка з даследчыкамі і знаўцамі ягонай творчасці Станіславам Берасем, Уладзімірам Барысавым, Яўгенам Казлоўскім.
Большасць экспанатаў выставы – пераклады твораў Лема на рускую мову. Аднак ёсць сярод экспанатаў і выданні на польскай, беларускай, нямецкай мовах.
Беларускамоўную частку экспазіцыі скалалі раманы “Непераможны”, “Салярыс” і “Прыгоды Піркса” ў перакладзе Анатоля Бутэвіча.
Увазе наведвальнікаў прапаноўваюцца таксама біяграфічныя і літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя Станіславу Лему.
Выстава будзе працаваць з 20 мая па 20 верасня 2021, з 10:00 да 17:00, у чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі (Мінск, вул. Сурганава, 15, пакой 601), тэл. + 375 17 379 40 12.
© by Tomasz Lem
www.roklema.pl