20.05.2021 Аб`явы Iнстытута, Літаратура, Падзея

Кніжная выстава “Шматгранны Лем”

У Цэнтральная навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі падрыхтавана кніжная выстава “Шматгранны Лем”.

100 гадоў з дня нараджэння выбітнага  польскага пісьменніка, класіка навуковай фантастыкі СТАНІСЛАВА ЛЕМА (1921–2006) спаўняецца 12 верасня. У Польшчы 2021 год аб’яўлены Годам Станіслава Лема. Выстава “Шматгранны Лем” – сумесная ініцыятыва Польскага Інстутута ў Мінску і ЦНБ НАН Беларусі.

На выставе можна убачыць выданні амаль усіх значных твораў Лема. Сярод экспанатаў – навукова-фантастычныя раманы “Эдэм”, “Салярыс”, “Вяртанне з зорак”, “Непераможны”, “Футуралагічны кангрэс”, зборнікі “Прыгоды Піркса”, “Зорныя дзеннікі Іёна Ціхага” “Казкі робатаў”, “Кіберыяда”, аўтабіяграфічная кніга “Высокі замак”. Значнае месца ў экспазіцыі займаюць філасофскія і навуковыя працы Лема, ягоныя літаратуразнаўчыя даследаванні, публіцыстыка, эсэістыка: футуралагічны трактат “Сума тэхналогіі”, зборнік літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Мой погляд на літаратуру”, кніга ”Так казаў… Лем”, якая ўключае інтэрв’ю і размовы пісьменніка з даследчыкамі і знаўцамі ягонай творчасці  Станіславам Берасем, Уладзімірам Барысавым, Яўгенам Казлоўскім.

Большасць экспанатаў выставы – пераклады твораў Лема на рускую мову. Аднак ёсць сярод экспанатаў і выданні на польскай, беларускай, нямецкай мовах.
Беларускамоўную частку экспазіцыі скалалі раманы “Непераможны”,  “Салярыс” і “Прыгоды Піркса” ў перакладзе Анатоля Бутэвіча.

Увазе наведвальнікаў прапаноўваюцца таксама  біяграфічныя і літаратуразнаўчыя  працы, прысвечаныя Станіславу Лему.

Выстава будзе працаваць з 20 мая па 20 верасня 2021, з 10:00 да 17:00, у чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі  (Мінск, вул. Сурганава, 15, пакой 601), тэл. + 375 17 379 40 12.

© by Tomasz Lem
www.roklema.pl 

Scheduled Аб`явы Iнстытута Літаратура Падзея