Бібліятэка анлайн працягвае знаёміць вас з разнастайнасцю жанраў польскай літаратуры, даступнай анлайн. Сёння вашай увазе мы прапануем самую знакамітую польскую меладраму, твор па-над часамі і адначасова ўкарэнены ў сваёй эпосе. Узор рамантычнай прозы для сапраўдных аматараў жанру.
„Пракажоная” – двухтомны раман Гелены Мнішак, выдадзены ў Кракаве ў 1909 годзе.
У год выдання “Пракажоная” атрымала ад крытыкі цэтлік “тыповы плод жаночай графаманіі” (хоць яе і рэдагаваў Баляслаў Прус). Але што значаць словы найбольш жорсткай крытыкі, калі гэта быў першы польскі раман, адпаведны ўсім запаветам “love story”, з наіўным, але надзвычай падрабязным і шчырым апісаннем зараджэння і выспявання кахання. Раман прыйшоўся да густу шырокаму колу простых, эмансіпаваных чытачоў, для якіх сентыментальнае паглыбленне ў багаты на традыцыі арыстакратычны свет было сапраўднай асалодай. Пагатоў пісьменніца апісвала норавы і завядзёнкі, добра знаёмыя ёй па жыцці тагачаснай арыстакратыі.
Дзеянне рамана адбываецца на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзя. Гэта класічны сюжэт Папялушкі з драматычнай канцоўкай. Перад чытачамі паўстае трагічная гісторыя кахання, супраць якога ўздымаюцца сацыяльныя забабоны і перадузятасць арыстакратычных колаў. Галоўная гераіня – сціплая, нерадавітая дзяўчына Стэфця Рудэцка. Яна наймаецца гувернанткай да баранэсы Эльзаноўскай, цёткі маладога ардыната Вальдэмара Міхароўскага. Спачатку Стэфця пазбягае таварыства Міхароўскага, але паступова між імі ўспыхвааюць пачуцці. Выпадкова выяўляецца, што дзед Вальдэмара і бабуля Стэфаніі былі закаханыя адно ў аднаго, але сям’я ардыната не дазволіла ім пабрацца. Пра заканчэнне гісторыі кахання Стэфці і Вальдэмара можна даведацца з кнігі і з фільма, спасылкі на якія далучаем:
“Пракажоная” Гелены Мнішак на мове арыгіналу
Іншыя творы Гелены Мнішак
Магчымасць пагартаць выданні твораў Гелены Мнішак з розных гадоў традыцыйна ёсць на сайце polona.pl
Вельмі раім паглядзець фільм “Пракажоная” (1936), рэжысёр Юльюш Гардан.
У 1951 годзе ўсе творы Гелены Мнішак трапілі пад забарону і былі прыбраныя з бібліятэк. Да чытачоў кнігі Мнішак змаглі вярнуцца толькі ў сямідзясятыя, калі саракатысячны наклад “Пракажонай” раскупілі за гадзіну.