23.01.2020 Мастацтва, Падзея

Выстава “Кракаўскія калядныя батлейкі”

Музей Кракава, Генеральнае консульства Рэспублікі Польшчаў Гродне, Польскі Інстытут у Мінску запрашаюць на адкрыццё выставы “Кракаўскія калядныя батлейкі”

У лютым 2020 года выстава будзе гасціць у Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі імя П. І. Баграціёна. Гэта ўжо не першая прэзентацыя кракаўскай калекцыі ў Беларусі. У мінулыя гады з выставай батлеек мелі магчымасць пазнаёміцца жыхары Мінска, Брэста, Гродна, Пінска.

Традыцыя стварэння батлеек сфарміравалася ў XIX стагоддзі, распаўсюдзілася ў ХХ стагоддзі, а зараз з’яўляецца важным элементам сучасных калядных традыцый.

З 1946 года Музей Кракава (папярэдняя назва — Гістарычны музей горада Кракава) праводзіць конкурс кракаўскіх батлеек, у якім прымаюць удзел як прафесійныя батлейшчыкі, так і аматары.

На выставе “Кракаўскія калядныя батлейкі” будуць прадстаўлены 12 прац з калекцыі Кракаўскага музея, якія былі зроблены ў перыяд 1975-2011 гг. і ўзнагароджаныя як “лепшыя” ў конкурсе ў гэтым годзе.

Кракаўская батлейка ўяўляе містэрыю на тэму Божага Нараджэння, багата ўпрыгожаная, архітэктурна спасылаецца на адметнасці Кракава. Яна з’яўляецца мадэллю не аднаго будынка, а  кампазіцыяй элементаў з некалькіх аб’ектаў. Галоўнымі матэрыяламі батлеек з’яўляюцца драўніна, кардон, каляровая алюмініевая фольга або бляшка і каляровы пластык.  Характэрнай асаблівасцю кракаўскіх батлеек з’яўляюцца  сцэнкі з фігурамі Святой Сям’і, Трох Каралёў, а таксама з героямі легенд (Кракаўскім Лайконікам, Вавельскім Цмокам ці з панам Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць складаныя сучасныя механізмы, якія прыводзяць у рух фігуркі, таксама можна сустрэць музычныя механізмы з калядкамі ці папулярнымі кракаўскімі мелодыямі. Колеравая гама батлеек па традыцыі падобная да колераў гарсэта кракаўскага народнага касцюма. Пераважваць павінны залаты, чырвоны і гранатавы колеры, хоць у апошнія гады з’яўляюцца таксама батлейкі, у якіх  дамінуе срэбны колер.

Кракаўскія батлейкі дачакаліся міжнароднага прызнання. У лістападзе 2018 года яны былі ўключаныя ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сардэчна запрашаем!!!

Scheduled Мастацтва Падзея