5.05.2020 Літаратура, Падзея

Павел Гюле ў беларускіх перакладах

“Санаторый пад клепсідрай”:  

анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску  

 “Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.  

Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай” 

 Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску. 

Герой трэцяй сустрэчы – знакаміты польскі празаік Павел Гюле (1957 г.н.), якога лічаць адным з найцікавейшых і найярчэйшых творцаў мяжы XX-XXI ст. Сам пра сябе ён кажа: “Люблю пісаць апавяданні і не выношу пісаць раманаў”. Але яго дэбютам і праўдзівым “выбухам” у польскай літературы робіцца менавіта раман “Вайзэр Давідзік”, “чароўны міф дзяцінства”, як кажуць крытыкі. У кожным сваім творы Павел Гюле апявае родны Гданьск і тым самым далучаецца да стварэння ягонага genius loci, з павагай і далікатнасцю ставячыся да кожнага са складнікаў яго гісторыі – нямецкага, польскага, габрэйскага, кашубскага. Гістарычная памяць – адна з матывацый яго творчасці, а другая – успаміны аб прачытаных кнігах і ўлюбеных аўтарах.  

Разам з Марынай Шодай, беларускай перакладчыцай двух яго раманаў і шэрагу апавяданняў, пагаворым пра тое, як кнігі Паўла Гюле могуць служыць даведнікам па гісторыі Гданьска і мапай яго вуліц. Пра вялікіх “суаўтараў”, якія ёсць ці не ў кожнай Паўлавай кнізе. Пра тое, як у творчасці гданьскага аўтара ўвасабляецца гістарычны і літаратурны палімпсэст. Як рэальнасць робіцца містычнымі перажываннем, а “кніга падзеяў” ператвараецца ў “кнігу цудаў”. Пра смаўжоў, калюжыны і дождж, пра траекторыю краба, пра каляровыя выбухі і “кары егіпецкія”, што назіраліся ў Гданьску ў 1957 годзе, пра рэальнасць, міф і памяць, якая можа першае ператвараць у другое. 

Сустрэча ў прамым эфіры адбудзецца 5 траўня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку

Scheduled Літаратура Падзея