23.06.2020 Літаратура, Падзея

Сяргей Пясецкі ў беларускіх перакладах

“Санаторый пад клепсідрай”: анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску

“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі,
а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.

Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”

 

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Падчас восьмай сустрэчы пагаворым пра Сяргея Пясецкага (1901-1964), знакамітага польскага літаратара беларускага паходжання, аўтара, якому выпаў неймаверна пакручасты чалавечы і пісьменніцкі лёс. “Лясны брат”, агент-выведнік (ці нават падвойны агент), кантрабандыст, крымінальнік і вязень у найсуровейшай польскай турме. Ён зведаў, што часам добрыя словы і рэвальвер дапамагаюць лепш, чым проста добрыя словы. Але ў найцяжэйшай сітуацыі мастацкае слова можа перамагчы і выратаваць. Бо асуджаны, што нават не ведаў добра польскай мовы, перамяніў свой лёс і зрабіўся сусветна вядомым пісьменнікам у міжваеннай Польшчы, а потым у эміграцыі.

Як жылі кантрабандысты ў час, калі Менск і Ракаў належалі розным краінам? Як Ракаў зрабіўся месцам, дзе працавалі сто рэстаранаў і кавярняў з аркестрам? Як астраномія дапамагае ў крымінальным бізнэсе і ў каханні? Як зацяты антысаветчык “улез у скуру” афіцэра Чырвонай арміі і што з гэтага выйшла? Чаму “менская” трылогія так напраўду называецца “зладзейскай” і што трэба ведаць пра Менск – крымінальную сталіцу рэгіёну? Як перайсці мяжу між бульварным чытвом і высокім пісьменствам, абмінуўшы ўсе літаратурныя пасткі? Як пісаць вершы на блатной фені? Які культавы твор беларускай музыкі натхнёны лёсам і творамі Пясецкага?

Пра гэта і шмат чаго іншага Андрэй Хадановіч паразмаўляе з перакладчыцай двух раманаў Сяргея Пясецкага Марыяй Пушкінай.

Сустракаемся ў прамым эфіры традыцыйна ў аўторак –  23 чэрвеня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку

Scheduled Літаратура Падзея