19.06.2020 Кіно, Падзея

Пятніца з польскім кіно анлайн. “Паўсур’ёзна” / “Pół serio” (Польшча, 2000 г.). Рэжысёр: Томаш Канэцкі

Сябры, вакацыі – гэта час шматлікіх новых уражанняў і час адпачынку. У серыі анлайн-сустрэч “Пятніца з польскім кіно анлайн” мы хочам стварыць для вас добры летні настрой, таму шчыра запрашаем да прагляду камедыі (толькі для інтэлігентных 🙂 ) “Паўсур’ёзна” (Польшча, 2000 г.).
👉 19 чэрвеня (пятніца) анлайн-прагляд камедыі “Паўсур’ёзна” / “Pół serio” (Польшча, 2000 г.). Рэжысёр: Томаш Канэцкі
Працягласць: 85 хв.
Фільм даступны па спасылцы: https://vod.tvp.pl/video/pol-serio,pol-serio,45385990

🎥 Гэта паўнаметражны дэбют стваральнікаў фільмаў «Цела», «Тэстастэрон» і «Lejdis» – рэжысёраў Томаша Канэцкага і Анджэя Сарамановіча. Камедыйны фільм-навэла быў створаны на аснове запісаў, якія паўставалі падчас тэлепраграмы “Паўсур’ёзна”.
Трое маладых кінематаграфістаў – рэжысёр Марэк (Яцак Разэнэк), сцэнарыст Матэвуш (Роберт Вянцкевіч) і аператар Лукаш (Пшэмыслаў Качыньскі) – шукаюць сродкі на дэбютны фільм. Яны ідуць да вопытнага прадзюсара Яна (Кшыштаф Стэльмашчык). У іх ёсць некалькі прапаноў, у тым ліку сучасная версія “Рамэа і Джульеты”, апавяданне ў бергманаўскім стылі “Сіла думкі” і “Двайное жыццё Фрыдэрыка”, альбо альтэрнатыўная версія жыцця Шапэна. Але чарговыя сцэнарыі не выклікаюць яго адабрэння.

Фільм атрымаў прызнанне публікі і быў абсыпаны ўзнагародамі. На Фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні ў 2000 г. фільм атрымаў ажно пяць узнагарод: Спецыяльную ўзнагароду журы, узнагароду за мантаж, узнагароду „Video Studio Gdańsk” у катэгорыі “Лепшая камедыя” і за ролі Эдыты Альшуўкі і Рафала Крулікоўскага.

📝Нагадваем, што кожную другую пятніцу мы сустракаемся з экспертамі па польскім кіно, а ў пятніцы паміж сустрэчамі прапануем вам цікавыя фільмы для прагляду ў Інтэрнэце. Запрашаем Вас таксама да дыскусіі ў каментарах.

Scheduled Кіно Падзея