7.07.2020 - 13.07.2020 Літаратура, Падзея

Бібліятэка анлайн. 13

Чарговая серыя Бібліятэкі анлайн расказвае пра Януша Корчака.

Януш Корчак, сапраўднае імя Генрык Гольдшміт, нарадзіўся ў Варшаве ў 1878 годзе. Сваім выхаванцам і чытачам вядомы быў таксама пад псеўданімамі Стары Доктар і Пан Доктар.

Тэарэтык і практык педагогікі, стваральнік арыгінальнай сістэмы працы з дзецьмі, заснаванай на прынцыпах партнёрства, прыёмах самакіравання і стымуляванні самавыхавання. Даследчык дзіцячага свету. Ён быў піянерам дзейнасці ў галіне выхаваўчай дыягностыкі і ў абароне правоў дзіцяці-чалавека. У 1926 годзе заснаваў першы часопіс, над выпускам якога працавала збольшага дзіцячая каманда – “Mały Przegląd”.

Генрык Гольдшміт нарадзіўся ў асіміляванай габрэйскай сям’і і як габрэй-паляк адчуваў сваю падвойную нацыянальную ідэнтычнасць. Хлопчыка выхоўвалі ў духу польскай культуры, з асаблівай увагай да пазітывісцкіх ідэй грамадскай працы. Вялікі ўплыў на жыццё сям’і мела хвароба бацькі, які неаднаразова трапляў у псіхіятрычны шпіталь.

У 1898 годзе Гольдшміт прыняў удзел у конкурсе на напісанне п’есы для тэатра. Ён адправіў два творы, у тым ліку адзначаную журы п’есу “Кудою?”(не захавалася). Згодна з правіламі конкурсу, ён выкарыстаў псеўданім і падпісаўся: “Янаш Корчак”. Гэты літаратурны псеўданім ён запазычыў з рамана Крашэўскага “Гісторыя пра Янаша Корчака і прыгажуню дачку мечнікаву”. З 1900 года, публікуючы цыкл фельетонаў пад назвай “Дзеці і выхаванне” стаў падпісвацца “Януш Корчак”.

У 1905 годзе Генрык Гольдшміт атрымаў дыплом доктара, быў прызваны на службу ў царскую армію і адслужыў на Далёкім Усходзе.

Пасля вяртання ў Варшаву працаваў педыятрам у Дзіцячым шпіталі імя Берсанаў і Баўманаў. Меў таксама прыватную практыку. З бедных пацыентаў не браў грошай. Праходзіў практыку ў Берліне, Парыжы і Лондане, Швейцарыі. Падчас польска-бальшавіцкай вайны служыў доктарам у Польскім войску.

У 1926 годзе пачаў выпускаць часопіс Mały Przegląd, у стварэнні якога актыўны ўдзел прымалі дзеці: яны дасылалі і рэдагавалі матэрыялы. Корчак імкнуўся да таго, каб дзеці мелі свае перакананні і фармулявалі погляды, праходзілі праз працэсы сацыялізацыі, прымалі адно аднаго і рыхтаваліся да дарослага жыцця. Як выхавальнік ён хацеў забяспечыць дзецям бесклапотнае (што не значыць “пазбаўленае абавязкаў”) дзяцінства. Ён ставіўся да іх сур’ёзна, нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце, і вёў з імі адкрытыя дыскусіі. Лічыў, што дзіця павінна зразумець і эмацыйна перажыць сітуацыю, адчуць яе, а ўжо пасля зрабіць высновы, і, пры неабходнасці, панесці адказнасць за наступствы. Найбольш актыўныя карэспандэнты “МР” сустракаліся на канферэнцыях, арганізаваных рэдакцыяй, і спецыяльных кінасеансах, былі створаны таксама гурткі Сяброўства, Гульняў, Дапамогі, а яшчэ Пісьменніцкі клуб і Майстэрня вынаходнікаў. Апошні нумар “МР” выйшаў 1 верасня 1939 года.

У 1912 годзе разам са Стэфаніяй Вільчыньскай Януш Корчак заснаваў Дом сірот – для габрэйскіх дзяцей Варшавы. У 1921 годзе быў створаны Дзіцячы летнік. У 1919 Корчак выступіў сузаснавальнікам выхаваўчай установы “Наш дом”. Абедзве арганізацыі былі прызначаныя, у асноўным, для дзяцей ва ўзросце 7-14 гадоў і рэалізоўвалі інавацыйную канцэпцыю самакіравальнай супольнасці з такімі ўласнымі сістэмамі як парламент, суд, газета, дзяжурствы, апекаванне дзяцей дзецьмі, заканадаўства, ашчадная каса, спартыўныя клубы, гурток “карысных забаў”. Таксама там праводзіліся сістэматычныя дакументаваныя даследаванні псіхафізічнага і сацыяльнага развіцця выхаванцаў.

У лістападзе 1940 года Дом сірот быў пераведзены ў гета. У 1942 годзе Дом сірот – Корчак, супрацоўнікі (у т.л. Стэфанія Вільчыньска, Наталля Поз, Роза Ліпец-Якубоўска і Роза Штокман-Азрылевіч) і каля 200 выхаванцаў – быў вывезены ў лагер смерці ў Трэблінцы падчас г.зв. вялікай ліквідацыйнай акцыі варшаўскага гета.

Згадку пра апошні шлях Януша Корчака пакінуў піяніст Уладзіслаў Шпільман:

Здаецца, 5 жніўня (…) я выпадкова стаў сведкам выхаду Януша Корчака і яго сірот з гета (…). Ён правёў з імі доўгія гады свайго жыцця і цяпер, на іх апошнім шляху, не хацеў пакідаць іх адных. Хацеў палегчыць ім гэты шлях. Ён патлумачыў сіротам, што ў іх ёсць нагода для радасці, бо яны едуць на вёску (…). Калі я сустрэў іх на вуліцы Гэнсяй, дзеці, ішлі, спяваючы хорам, ззяючы ўсмешкамі, маленькі музыка граў ім, а Корчак нёс на руках дваіх найменшых, яны таксама ўсміхаліся, а ён расказваў ім штосьці смешнае.

Сёння педагагічная думка Януша Корчака ўсё больш шырока вядомая ў свеце, ён прызнаны папярэднікам і прадстаўніком руху за правы дзяцей. Корчак не падтрымліваў аніякай палітычнай або адукацыйнай ідэалогіі. Яго мадэрновыя педагагічныя ідэі выраслі з практыкі, хоць ён і разбіраўся ў педагагічных і псіхалагічных плынях сваёй эпохі. Цяпер Корчак лічыцца адным з піянераў педагагічнага напрамку, называнага “маральная адукацыя” (англ. moral education), хоць і не склаў аніякіх тэарэтычных тэорый на гэтую тэму.

Прапануем пачытаць педагагічныя працы Януша Корчака (на польскай мове):

“Правілы жыцця” – кніга для дзяцей, якую павінен прачытаць кожны дарослы. Проста і мудра пра тое, як жыць і радавацца гэтаму нашаму заблытанаму свету.

“Жартаўлівая педагогіка” – аповед пра адно лета, якое Корчак прабавіў у вясковым пансіянаце з дзецьмі, а таксама (і гэта, здаецца, самае складанае!) з іх бацькамі.

“Права дзіцяці на павагу” – кароткая брашура пра правы дзіцяці як асобы.

А яшчэ можна згадаць зычлівага і шчырага караля Мацюся І: чытаючы арыгінальны тэкст і слухаючы аўдыёкніжку.

Ілюстрацыя аўтарства Томка Багацкага з кнігі “The Champion of Children”.

from to
Scheduled Літаратура Падзея