16.10.2020 Літаратура, Падзея

Януш Леон Вішнеўскі на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

 15-18 кастрычніка ў Мінску адбудзецца Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».  Арганізатар: установа культуры “Кніжны офіс”, Польскі Інстытут выступае адным з партнёраў праекта.

У праграме фестывалю сустрэчы з замежнымі і беларускімі пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, дыскусіі на тэму філасофіі, гісторыі, тэатра і літаратуры, уручэнне прэмій, выставы і кніжны кірмаш.

Мерапрыемствы фестываля будуць праходзіць у афлайн- і анлайн-фармаце.

 16 кастрычніка (пятніца), 17:00-18:00, Палац мастацтва (вул. Казлова, 3), Зала #2

У Фестывалі пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску прымае ўдзел знакаміты польскі пісьменнік Януш Леон Вішнеўскі.

Здараецца, што літаратурныя гісторыі, цалкам прыдуманыя аўтарам, пачынаюць жыць уласным жыццём, адбіваючыся на рэчаіснасці і знаходзячы ў ёй свой працяг, літаральна патрабуючы ад аўтара быць дарасказанымі на паперы. Думаецца, што ў выпадку з бестсэлерам папулярнага польскага пісьменніка Януша Леона Вішнеўскага «Адзінота ў сеціве» адбылося менавіта так. Кніга была перакладзена на многія мовы свету, ператвораная ў фільм і ўвасобілася ў жыццё ў сваім працягу «Канец адзіноты». Цяпер героямі гісторыі сталіся маладыя людзі, якія пазнаёміліся ў сеціве праз два дзесяцігоддзі пасля падзей першага рамана.
Што яднае персанажаў абедзвюх кніг? Як аўтару вырвацца з палону сваёй жа фантазіі? Ці працуюць праз 20 гадоў тыя ж прыёмы «літаратурных стасункаў у сеціве». Пра гэта паразважаюць сам пісьменнік Януш Леон Вішнеўскі і адна з перакладчыц рамана «Канец адзіноты» (Выдавецтва «Янушкевіч») Ганна Янкута. Мадэратарка – паэтка, перакладчыца, куратарка літаратурных праектаў Марыя Мартысевіч.

Колькасць месцаў абмежаваная.

Для ўдзелу ў сустрэчы неабходна зарэгістравацца – СПАСЫЛКА НА РЭГІСТРАЦЫЮ

 16 кастрычніка, 19:00-20:30, Палац мастацтва (вул. Казлова, 3), Зала #2

Адбудзецца сустрэча з Лінор Гаралік (Ізраіль-Расія, анлайн) і Янушам Леонам Вішнеўскім (Польшча) “Я не с@мотны?”: пісьменнік і новыя выклікі часу”. Мадэратар – Андрэй Хадановіч.

Колькасць месцаў абмежаваная.
Для ўдзелу ў сустрэчы неабходна зарэгістравацца – СПАСЫЛКА НА РЭГІСТРАЦЫЮ


Януш Леон Вішнеўскі (нар. 18 жніўня 1954 года ў Торуні) – навуковец і пісьменнік.
Магістр фізічных навук і магістр эканамічных навук (Універсітэт Мікалая Каперніка), доктар інфарматыкі (Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт) і доктар хімічных навук (Лодзінскі політэхнічны ўніверсітэт).
З 1987 да 2018 года працаваў у Франкфурце-на-Майне ў міжнароднай IT-кампаніі па стварэнні праграмнага забеспячэння для хімікаў. З’яўляецца распрацоўшчыкам і аўтарам першай у свеце праграмы для аўтаматызаванай трансляцыі структур у хімічную наменклатуру.
Пісьменніцкі дэбют адбыўся ў 2001 годзе з выхадам рамана “Адзінота ў сеціве”, які пазней быў экранізаваны, а ў 2009 годзе тэатр “Балтыйскі дом” у Санкт-Пецярбургу ў Расіі ўпершыню паставіў паставіў спектакль паводле гэтага твора. І праз 10 год пасля прэм’еры спектакль не знікае з афішы тэатра і граецца 1-2 разы на месяц.
Януш Вішнеўскі з’яўляецца аўтарам раманаў (у тым ліку “Паўтораны лёс”, “Бікіні”, “Гранд”, “На Фэйсбуку з сынам”), зборніка апавяданняў (у тым ліку “Сіндромы напружання”, “Мае праўдзівыя гісторыі”), эсэ (“Ці мужчыны патрэбныя свету?” “Інтымная тэорыя адноснасці”, “Сцэны з сямейнага жыцця”), а таксама навукова-папулярных прац. У суаўтарстве са Збігневам Іздэбскім напісаў кнігу “Інтым. Размовы не толькі пра каханне”, выдадзеную таксама ў Расіі і на Украіне.
Пераклады яго кніг выйшлі ў 18 краінах, у тым ліку ў Расіі, Кітаі, Італіі, Турцыі, Галандыі, Бельгіі, Румыніі, Украіне, Балгарыі, Абланіі, В’етнаме, Літве, Латвіі і Арменіі. З 2004 года з’яўляецца аглядальнікам польскага штомесячніка “Pani”.
Бацька дзвюх дачок – Яанны і Адрыяны.
У цяперашні час жыве ў Франкфурце-на-Майне і Гданьску.


Поўная ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЮ даступная на сайце арганізатараў

Асноўная ідэя фестывалю інтэлектуальнай кнігі палягае ў неабходнасці для Беларусі мець уласны фармат мерапрыемства, прысвечанага кнізе, “што вучыць думаць”, як сродку ўзмацнення і развіцця інтэлектуальнага асяроддзя краіны.

Фестываль з’яўляецца своеасаблівай “прадмовай” да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі: уводзінамі ў гэтую тэму і месцам сустрэчы з яе стваральнікамі і іх напрацоўкамі.

Мэта фестывалю палягае ў інтэнсіфікацыі беларускага кніжнага рынку інтэлектуальнай кнігі (у арганізацыйным і стратэгічным плане), развіцці камунікацыі паміж усімі яго ўдзельнікамі і далейшым умацаванні беларускай інтэлектуальнай прасторы дзеля развіцця мясцовай грамадзянскай супольнасці.

 

Сайт Фестывалю

 Падзея на Фэйсбуку

Звяртаем Вашую ўвагу, што арганізатары фестывалю, не могуць  цалкам гарантаваць бяспеку ўдзельнікам і гасцям у перыяд эпідэміі COVID-19, у сувязі з чым заклікаюць да самавызначэння кожнага. У час правядзення мерапрыемстваў будуць прыкладзены неабходныя меры па захаванню мінімальных патрабаванняў бяспекі (норм сацыяльнай дыстанцыі, выкарыстання антысептыкаў, правядзення мерапрыемстваў у часткова анлайн-фармаце і фармаце па рэгістрацыі).

Scheduled Літаратура Падзея