24.01.2021 Музыка, Падзея

Канцэрт “ЖОЎТЫЯ ЗОРКІ” з нагоды Міжнароднага Дня Памяці Ахвяр Халакосту

24 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт "Жоўтыя зоркі" з нагоды Міжнароднага Дня Памяці Ахвяр Халакосту.

Штогадовы канцэрт “ЖОЎТЫЯ ЗОРКІ” адбудзецца 24 студзеня ў Нацыянальнай філармоніі з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту. Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту адзначаецца 27 студзеня. Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 1 лістапада 2005 года. 
Гэта вечар памяці, стрыжнем якога стане класічная музыка. Менавіта з дапамогай музыкі слухачы змогуць яшчэ глыбей пагрузіцца ў цяжкія, але вельмі важныя для кожнага успаміны.

У праграме канцэрта  прагучыць знакаміты твор “Кадыш” Кшыштафа Пендэрэцкага, напісаны кампазітарам у 2009 г. у 65-ю гадавіну ліквідацыі Лодзінскага гета.
“Кадзіш” – адна з найважнейшых габрэйскіх малітваў, гімн хвалы Богу. Так званы “кадзіш сіраты” (kadisz jatom), тэкст якога выкарыстаў кампазітар, чытаецца пасля смерці блізкага чалавека ў прысутнасці дзесяці дарослых рэлігійных мужчын. У творы, які завяршаецца вельмі экспрэсіўным фрагментам, Пэндэрэцкі выкарыстоўвае таксама іншыя тэксты рознага паходжання. Сярод іх – спяваныя сапрана хвалюючыя вершы Абрамкі Цытрына, 14-гадовага хлопчыка, вывезенага з Лодзінскага гета ў апошнім эшалоне ў Асвенцым.

Вось што пісаў кампазітар у адным са сваіх інтэрв’ю: «Я атрымаў матэрыялы пра гета і сярод іх былі вершы Абрамкі Цытрына. Я проста закахаўся ў гэтую паэзію. Я лічу, што для хлопчыка 14-15 гадоў гэта добрая літаратура. Гэта вершы не дзіцяці. У першую чаргу яны гавораць пра смерць. Яны былі створаны ў гета. У гэтым пекле людзі сталелі хутчэй.” Такім чынам, спачатку лірычна, потым магутна і пафасна, кампазітар знаёміць слухачоў з кадзішам, прысвечаным “Лодзінскім Абрамкам, якія хацелі жыць. Палякам, якія ратавалі габрэяў”.

Выканаўцы: Сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы, дырыжор – Бомсок Йі (Аўстрыя), Таццяна Гаўрылова (сапрана, Беларусь), Юрый Гарадзецкі (тэнар, Беларусь), Аляксандр Падабіед (апавядальнік), пераклад тэксту на беларускую мову – Андрэй Хадановіч. Канцэрт праходзіць пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, Пасольства Аўстрыі і Пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама культурнага цэнтра NATIV – Культурнага цэнтра пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль ў Рэспубліцы Беларусь.
Арганізатар канцэрта – Анна Ленькова.

Scheduled Музыка Падзея